"Усё знаходзіцца на стале" — кіраўнік МУС Польшчы аб закрыцці мяжы з Беларуссю
На польска-беларускай мяжы
Міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Томаш Семаняк не выключае закрыцця мяжы з Беларуссю. Аб гэтым ён заявіў у інтэрв'ю мясцовым журналістам. На выступ звярнуў увагу рэсурс Reformby.org.
"Усё знаходзіцца на стале. Хочам убачыць, дзе інтарэсы Польшчы, а дзе можна ўдарыць па інтарэсах тых, хто шкодзіць Польшчы", — заявіў Семаняк у адказ на пытанне аб тым, ці магчыма закрыццё ўсіх пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю. Паводле яго слоў, "кожнае рашэнне тут магчымае". Семаняк расказаў, што МУС працуе з прадстаўнікамі іншых ведамстваў (МЗС, міністэрстваў інфраструктуры і фінансаў), ідзе пошук варыянтаў, як эфектыўна рэагаваць на дзеянні Беларусі, але пры гэтым каб гэтая рэакцыя "не біла па польскіх інтарэсах".
Раней аб магчымым закрыцці пунктаў пропуску на польска-беларускай мяжы гаварыў міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі. Пры гэтым ён удакладніў, што размова ідзе аб магчымым прыпыненні руху грузаў. Ускладняць жыццё простым беларусам і палякам у Варшаве не жадаюць. Сікорскі таксама распавёў, што ў апошнія тыдні колькасць спробаў парушэння мяжы знізілася на 30-50%.
У аўторак таксама з'явіліся паведамленні аб гатоўнасці Польшчы ўвесці вельмі ўважлівы кантроль грузаў на вялікім мытным тэрмінале ў Малашэвічах. Праз гэты тэрмінал ідуць у тым ліку грузы з Кітая. У МЗС Польшчы разлічваюць, што Пекін у гэтых умовах будзе вымушаны аказаць ціск на рэжым Аляксандра Лукашэнкі. Сам Лукашэнка тым часам 2 ліпеня заявіў, што Беларусь не будзе спыняць мігрантаў, якія імкнуцца ў ЕС, заявіў, што "мы лавіць іх не будзем".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.