Кіроўцаў таксі ў Мінску з пачатку лістапада паменела на 35%

Яндэкс-таксі / Яндекс-такси / av.by

Таксі, ілюстрацыйнае фота

На траціну менш таксоўцаў стала ў Мінску пасля таго, як з 1 лістапада пачаў дзейнічаць рэестр перавозчыкаў. Гэта адбілася на спажыўцах: час чакання машыны павялічыўся, а кошт паездкі вырас.

"Паводле звестак нашага сэрвісу, у першыя дні працы рэестра колькасць кіроўцаў на лініі скарацілася ў сярэднім на 25% у краіне і на 35% у Мінску", — перадае tochka.by словы кіраўніка "Яндэкс Go" у СНД Кірыла Свінцова

Паводле Свінцова, тая колькасць кіроўцаў, якія трапілі ў рэестр і могуць выконваць заказы праз "Яндэкс Go", не здолее забяспечыць той узровень цэн і час падачы, якія існавалі да 1 лістапада.

На яго думку, у Беларусі трэба знізіць патрабаванні для ўключэння ў рэестр перавозчыкаў. "Важна змякчыць патрабаванні да абсталявання аўтамабіля, бо выдаткі на падрыхтоўку ўсяго неабходнага для ўступлення ў рэестр для многіх кіроўцаў перавышаюць іх месячны даход", — тлумачыць менеджар.

Таксама ён прапануе ўвесці статус самазанятасці для кіроўцаў і ліквідаваць тэхнічныя праблемы, з якімі людзі сутыкаюцца пры рэгістрацыі ў рэестры. Свінцоў кажа, што кампанія, якую ён прадстаўляе, вядзе дыялог з Мінтрансам і гатовая дзяліцца найлепшымі практыкамі са свайго досведу працы ў розных краінах.

Рэестр аўтамабільных перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах пачаў дзейнічаць з 1 лістапада. У яго ўвайшлі маршрутчыкі, таксі, дыспетчары, кіроўцы аўтобусаў і легкавых аўтамабіляў. Легальна працаваць могуць толькі тыя, каго ўключылі ў гэты спіс.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі