Палітвязня Шлетгаўэра затрымлівалі разам з братам, якога потым дэпартавалі ў РФ
Дзмітрый Шлетгаўэр з жонкай
Палітвязня Дзмітрыя Шлетгаэўра, які нядаўна загінуў у магілёўскай калоніі, затрымлівалі разам з братам. Пра гэта праекту "Сібір. Рэаліі" расказалі сябры і сваякі хлопца.
22-гадовы Дзмітрый Шлетгаўэр загінуў 11 лістапада. Ён быў асуджаны на 12 гадоў па абвінавачанні ў "шпіянажы" і "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці". Канкрэтныя абвінавачанні невядомыя, бо суд быў закрытым. Пакуль ішоў судовы працэс, у хлопца нарадзілася дзіця.
Расійскія журналісты даведаліся, што Дзмітрый нарадзіўся на Алтаі, у раёне, дзе жывуць нямецкія перасяленцы. У Беларусь ён разам з сям'ёй пераехаў у 2018 годзе.
Як кажа сваячка Ганна, Дзмітрыя з братам Валерыем затрымалі 23 лістапада 2023 года. У той дзень хлопец адвёз цяжарную жонку ў лякарню і перастаў выходзіць на сувязь. Толькі праз некалькі дзён родныя даведаліся, што яго пасадзілі ў СІЗА.
Брата Валерыя дэпартавалі ў Расію. Паводле яго знаёмай, гэта была добраахвотная дэпартацыя. Таксама яна кажа, што ў пратэстах 2020 года браты не ўдзельнічалі.
У публікацыі выказваецца меркаванне, што нагодай для затрымання Дзмітрыя Шлетгаўэра магла стаць татуіроўка "Чорнае сонца", якая ў Беларусі забароненая як нацысцкі сімвал. Таксама яна з'яўляецца значным сівалам у славянскім неапаганстве. Паведамляецца, што хлопец яшчэ да затрымання спрабаваў звесці гэтае тату.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.