Больш за тысячу фур сабралася на мяжы Беларусі з ЕС
Чэргі на мяжы
Вялізныя чэргі з фур сабраліся на межах Беларусі з ЕС. Усяго магчымасці трапіць у Еўрасаюз з беларускага боку мяжы чакаюць 1040 велікагрузаў, вынікае з паведамлення ДПК.
Самы загружаны пункт пропуску — Патэрніекі (Грыгароўшчына) на беларуска-латвійскай мяжы. Там сабралася ўжо 480 грузавікоў. Хутчэй за ўсё, кіроўцаў чакае яшчэ шмат гадзін у чарзе — за мінулыя суткі ў Латвію, паводле звестак ДПК, заехала толькі 32 фуры.
На другім месцы па загрузцы — пункт пропуску Казловічы (Кукурыкі) на беларуска-польскай мяжы. Там сваёй чаргі чакаюць 300 фур. За мінулыя суткі ў Польшчу заехала больш за 700 фур.
З пунктаў пропуску на беларуска-літоўскай мяжы самы загружаны — Беняконі (Шальчынінкай). Там стаіць больш за дзвесце фур. За мінулыя суткі праз гэты пункт пропуску ў ЕС трапілі 62 фуры.
Дарэчы, з 11 лістапада мытня Літвы ўводзіць больш строгі кантроль на мяжы за вывазам з Еўрасаюза тавараў падвойнага прызначэння. Таварамі падвойнага прызначэння лічацца тыя, што могуць выкарыстоўвацца для ваенных дзеянняў або для вытворчасці прадметаў, якія выкарыстоўваюцца ў ваенных мэтах. Пад узмоцнены кантроль трапяць пераважна фірмы-экспарцёры, а не звычайныя падарожнікі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.