У Польшчы маюць намер працягнуць дзеянне буфернай зоны на мяжы з Беларуссю
На польска-беларускай мяжы
У Польшчы маюць намер працягнуць дзеянне буфернай зоны ля мяжы з Беларуссю, піша Reformby.org са спасылкай на польскага міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Томаша Семоняка.
Паводле ацэнкі польскага міністра, сітуацыя на мяжы з Беларуссю выглядае больш спакойнай, чым у пачатку года. Гэта стала магчымым дзякуючы прынятым мерам. "Гэта ўвядзенне буфернай зоны ў чэрвені, зараз мы вядзем кансультацыі па прадаўжэнні гэтага распараджэння, і, верагодна, з 13 верасня яна працягне дзейнічаць", — адзначыў Семоняк. Паводле яго, забаронная зона стварае перашкоду для перавозчыкаў мігрантаў.
Міністр таксама нагадаў, што на мяжы цяпер працуюць спецыяльныя аддзелы паліцыі і ідзе ўмацаванне загароды. Раней мігранты перыядычна расцягвалі планкі платоў і пералазілі ў Польшчу. Семоняк таксама не выключыў, што на паляпшэнне сітуацыі маглі паўплываць перамовы польскага прэзідэнта Анджэя Дуды з прадстаўнікамі Кітая. Пекін мог паўплываць на Лукашэнку, які, як лічаць у Варшаве, аддае загады службам, што ўплываюць на сітуацыю на мяжы.
Нагадаем, забаронная зона ўздоўж мяжы з Беларуссю дзейнічае з 13 чэрвеня ў раёне Белавежскай пушчы. Рашэнне аб увядзенні буфернай зоны прынялі пасля інцыдэнту з раненнем польскага салдата. Мігранты тады спрабавалі прарвацца ў Польшчу, і адзін з іх ударыў нажом вайскоўца. Раненне ў выніку аказалася смяротным.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.