“Рэверанс у бок Ватыкана”. Што Мінск атрымаў за ўкраінскіх палонных?
Што атрымаў Лукашэнка?
Што Мінск атрымаў за ўкраінскіх палонных і палітвязняў, перададзеных на мінулым тыдні Кіеву? Гісторык і палітычны аналітык Аляксандр Фрыдман у стрыме Еўрарадыё лічыць, што нічога. Лукашэнка проста зрабіў “тое, што яму сказалі зрабіць”.
— Калі пайшлі чуткі, што галоўную ролю адыграў Ватыкан, дык мне падалося, што гэта як бы рэверанс з боку рэжыму.
У Мінску вельмі зацікаўленыя ў паляпшэнні адносін з Ватыканм. І, напэўна, хацелі даць сігнал, што гатовыя паляпшаць адносіны і з Захадам у цэлым. Але ці не занадта дарагі гэты “жэст добрай волі” — вызваляць Мікалая Швяца, якога прапаганда выставіла сапраўдным зверам і мацёрым дыверсантам, што падрыхтаваў падрыў самалёта ў Мачулішчах у 2023 годзе?
Фрыдман лічыць немалой імавернасць, што ў Лукашэнкі ніхто і не пытаў пра цану. Ускосна на карысць гэтага сведчыць і адсутнасць каментароў з боку беларускіх уладаў.
— Цалкам імаверна, што гэта маглі быць і непасрэдныя кантакты паміж Масквой і Кіевам пры пасярэдніцтве ААЭ. А Лукашэнку проста давялося зрабіць тое, пра што яны дамовіліся.
Мы ж бачылі відэа перадачы гэтых людзей: нікога з украінскага боку Беларусі не перадалі. То-бок беларускія ўлады ўвогуле нічога не атрымалі. І гэтую тэму яны не каментуюць, а проста хочуць забыць пра яе. Думаю, сам Лукашэнка хацеў атрымаць значна больш, але як ёсць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.