Эксперты: Украіна набыла ў Беларусі дамову наконт мяжы

Падчас візіту кіраўніка Беларусі ў Кіеў 17-18 чэрвеня быў падпісаны шэраг дамоў. Нарэшце вырашылася пытанне з мяжой паміж нашымі краінамі. Але ці можна лічыць, што візіт стаў “прарыўным”, а ў адносінах паміж Беларуссю і Украінай “адкрытая новая старонка”?

Беларускі палітолаг Юрый Шаўцоў называе вынікі гэтага візіту “незразумелымі”.



Юрый Шаўцоў: “Бо вельмі важнае, магчыма — галоўнае, пытанне аб увядзенні Украінай абмежавальных мытных тарыфаў для беларускіх нафтапрадуктаў неяк не прагучала. Паведамлялася, нібыта абедзве краіны будуць пазбягаць абмежаванняў ва ўзаемным гандлі, але я нідзе не бачыў простых указанняў на гэта”.



Калі ж гэта сапраўды так і беларускія нафтапрадукты ніякімі дадатковымі тарыфамі абкладацца не будуць, то афіцыйны Мінск сваіх мэтаў дасягнуў, лічыць эксперт. Яшчэ — дасягнутая дамоўленасць, што ва Украіну пойдзе беларуская сельгастэхніка, пералічвае станоўчыя вынікі візіту Шаўцоў. Можа, і атрымаецца за кошт суседзяў разгрузіць склады, пагаджаецца эканаміст Леанід Заіка. Да ўсяго, пагадзіліся ўкраінцы прадаваць нам сваю электраэнергію. Праўда, і тут “ёсць нюансы”.



Юрый Шаўцоў: “Мы закуплялі час ад часу гэтую энергію, і што маецца на ўвазе цяпер, я дакладна не зразумеў. Магчыма, маюцца на ўвазе тыя аб’ёмы энергіі, якія потым будуць пастаўленыя Беларуссю, ужо ад свайго імя, у Літву. Бо там — энергадэфіцыт”.


 
Кіраўнік Беларусі нарэшце здолеў “выгадна прадаць ратыфікацыйную грамату наконт межаў”, падводзіць вынік украінскі палітолаг Віталь Портнікаў.



Віталь Портнікаў: “Аляксандр Лукашэнка адмовіўся ад шантажу ў чыстым выглядзе (афіцыйны Мінск настойваў на выплаце Украінай каля 140 мільёнаў долараў яшчэ “савецкага” доўгу Беларусі. — заўв. Еўрарадыё), а Украіна пайшла яму насустрач “карпаратыўным чынам”. Гэта продаж сыравіны, маецца на ўвазе электраэнергія, па больш нізкім кошце з заплюшчанымі вачыма з тым, каб краіна, якая набывае гэтую сыравіну, магла яе перапрадаваць наступнаму пакупніку па высокім кошце і пакідаць частку грошай альбо для папаўнення бюджэту, альбо для нажывы бліжэйшага атачэння беларускага прэзідэнта”.



Тая ж сітуацыя і з увядзеннем абмежавальных тарыфаў на беларускія нафтапрадукты — Украіна “заплаціла” адмовай ад іх за мяжу з Беларуссю. Праўда, папярэджвае эксперт, гэта афіцыйнаму Мінску яшчэ ў Кіеве прыгадаюць.



Віталь Портнікаў: “Калі Віктар Януковіч вырашыў набыць у Аляксандра Лукашэнкі мяжу, то ён і не павінен быў уводзіць нейкія абарончыя пошліны. Калі працэс афармлення мяжы завершыцца — усё гэта будзе зроблена! Ніхто не будзе вагацца. Усе выдатна запомнілі тое, што адбылося ўчора. Бо ў міждзяржаўных адносінах паміж цывілізаванымі краінамі метад фінансавага шантажу для вырашэння пытанняў пратакольнага характару не прымяняецца — шантажыста рана ці позна караюць”.



Што ж тычыцца масавых паставак ва Украіну беларускай сельгастэхнікі, то аналітык украінскага Міжнароднага цэнтра перспектыўных даследаванняў Ігар Шаўлякоў не падзяляе аптымізм беларускіх калег.



Ігар Шаўлякоў: “У гэтым пытанні прэзідэнт Януковіч, насамрэч, мала што можа прапанаваць. Асноўным спажыўцом беларускіх тавараў з’яўляюцца індывідуальныя спажыўцы. А яны на свабодным рынку дзейнічаюць, зыходзячы са сваіх інтарэсаў. Калі толькі бліжэйшым часам будуць канкрэтныя кантракты на пастаўкі падпісаныя, тады можна будзе казаць пра тое, што за гэтай дамоўленасцю ёсць нейкі практычны сэнс”.



У размове з Еўрарадыё палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі асаблівую ўвагу раіць звярнуць на тое, што Лукашэнка, які ніводнага разу не наведаў Курапаты, у Кіеве ўсклаў кветкі да помніка ахвярам Галадамору. Віталь Портнікаў астуджае: пра змену “савецкіх” поглядаў на гісторыю ў Лукашэнкі казаць не даводзіцца.



Віталь Портнікаў: “Наведванне помніка ахвярам Галадамору — гэта частка пратакольнай праграмы асоб, якія наведваюць Украіну з афіцыйнымі дзяржаўнымі візітамі. Калі б Лукашэнка хацеў пазбегнуць гэтай цырымоніі, ён павінен быў бы адмовіцца ад адпаведнага статусу свайго візіту”.



Падводзячы вынік, усе суразмоўцы Еўрарадыё пагаджаюцца: нічога выбітнага ад візіту Лукашэнкі ў Кіеў не чакалі, але “ў межах тых пытанняў, якія стаялі ў адносінах дзвюх краін, візіт можна лічыць удалым”. Не больш за тое — ні пра якую “новую старонку ва ўзаемаадносінах” размова нават і блізка не ідзе.
 

Фотафакт: 20 гадоў таму ўкраінская вёска прасілася ў склад Беларусі

Фота: golos.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі