Еўрапарламент ухваліў бязвізавы рэжым для Грузіі
У чацвер, 2 лютага, Еўрапарламент ўхваліў прадастаўленне Грузіі бязвізавага рэжыму пры наведванні яе грамадзянамі краін Шэнгенскай зоны. "За" прагаласавала большасць парламентароў. Такое рашэнне палічылі перадчасным толькі дэпутаты ад Брытаніі і Галандыі, інфармуе "Бі-Бі-Сі".
Адзначаецца, што калі будуць выяўленыя нейкія парушэнні, ЕС задзейнічае механізм па прыпыненні бязвізавага рэжыму. А пакуль рашэнне аб адмене для грузін віз мусіць ухваліць Савет Еўрасаюза. Яно пачне дзейнічаць пасля публікацыі ў афіцыйным часопісе ЕС і датычыць кароткатэрміновых паездак (да 90 дзён) і тых грамадзян Грузіі, якія маюць біяметрычныя пашпарты.
Прэм'ер-міністр Грузіі Георгій Квірыкашвілі назваў сённяшні дзень гістарычным. Перамовы ў справе адмены віз працягваліся з 2012 года.
Дарэчы, 2 лютага дэпутаты Еўрапарламента ўхвалілі рашэнне аб увядзенні бязвізавага рэжыму для Косава.