У Зяленскага могуць быць праблемы. Эксперт — пра вынікі выбараў у Францыі

У Францыі прайшлі выбары

У Францыі прайшлі выбары / lrt.lt

Пазачарговымі парламенцкімі выбарамі, першы тур якіх прайшоў у Францыі ў нядзелю, Эманюэль Макрон імнкнуўся аб’яднаць і мабілізаваць уласных прыхільнікаў. Але галасаванне прынесла супрацьлеглы вынік. Партыя Макрона цярпіць паразу, а ў лідарах па выніках экзіт-полаў — ультраправыя.

Але на думку гісторыка і палітычнага аглядальніка Аляксандра Фрыдмана, перамога Марын Лё Пэн — няпоўная. Яна хаця і святкуе перамогу, але не атрымлівае ў французскім парламенце абсалютнай большасці.

— Вядома, партыя Лё Пэн будзе не проста прысутнічаць у парламенце, а адыгрываць вялікую ролю ў кіраванні краінай. Але ці змогуць яны сфармаваць свой урад? Гэта адкрытае пытанне. Хутчэй, Францыю чакае хаатычнае становішча.

Фрыдман лічыць, што ўзмацненне ультраправых не азначае развароту ў замежнай палітыцы Францыі. Але гэта напэўна прывядзе да дэстабілізацыі.

— Вельмі цікава, як Францыя будзе далей паводзіць сябе ў Еўрасаюзе і як яна будзе падтрымліваць Украіну. Ультраправыя не выступаюць супраць паставак зброі. Але ў іх ёсць свае чырвоныя сцяжкі: не адпраўляць сваіх вайскоўцаў ва Украіну і не пастаўляць дальнабойную зброю. То-бок з урадам ультраправых у Зяленскага будуць пэўныя складанасці.

Але пакуль што ўвогуле незразумела, як найбліжэйшым часам будзе выглядаць французкі ўрад, хто будзе наступным кіраўніком МЗС і шмат-шмат іншага.  

Нагадаем, учора ў Францыі адбыўся першы тур парламенцкіх выбараў. Ультраправая партыя  “Нацыянальнае аб'яднанне” Марын Лё Пэн заняла першае месца з вынікам 33,4%.

Другі тур пройдзе ў наступную нядзелю. У яго выйдуць два галоўныя кандыдаты па кожнай выбарчай акрузе плюс усе, хто набраў больш за 12,5% галасоў. Такім чынам, у некаторых выпадках у бюлетэні можа аказацца тры і больш кандыдатаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі