Да дэпутата Бундэстага, які таемна прыязджаў у Беларусь, прыйшлі з ператрусам
Пётр Быстран
Пракуратура Мюнхена пачала расследаванне супраць дэпутата Бундэстага ад правапапуліцкай партыі "Альтэрнатыва для Германіі" Пятра Быстрана, перадае DW са спасылкай на Spiegel.
Зранку 16 траўня адбыліся ператрусы ў некалькіх яго памяшканнях у Берліне, Баварыі і на Маёрцы. Быстрана падазраюць у хабарніцтве і адмыванні грошай. Ператрусы праводзяць 11 пракурораў і каля 70 паліцыянтаў. Праваахоўнікі канфіскавалі дакументы і носьбіты інфармацыі.
Расследаванне звязанае са скандалам вакол прарасійскага прапагандысцкага сайта Voice of Europe. Напрыканцы сакавіка ўлады Чэхіі заявілі, што раскрылі "сетку ўплыву", якая атрымлівала фінансаванне з РФ, распаўсюджвала расійскую прапаганду ў Еўропе і займалася подкупам еўрапейскіх палітыкаў. Часткай гэтай схемы назвалі сайт Voice of Europe.
На сайце размяшчаліся заклікі еўрапейскіх палітыкаў спыніць дапамогу Украіне. Паводле чэшскіх СМІ, некаторыя аўтары гэтых заклікаў атрымлівалі за гэта грошы. Канкрэтныя імёны не называліся, але гаварылася, што сярод аўтараў ёсць чальцы АдГ — Пётр Быстран і дэпутата Еўрапарламента ад гэтай партыі Максіміліян Кра. Бундэстаг ухваліў расследаванне супраць Быстрана.
Як распавядала Еўрарадыё, у лістападзе 2022-га Быстран таемна прыязджаў у Беларусь. Тады ж ён сустракаўся, як казаў сам, з тагачасным міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем (цяпер нябожчыкам), а таксама з дэпутатам Андрэем Савіных і прадстаўнікамі праўладных арганізацый "Беларускі Фонд міру" і "Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.