Еўрасаюз не збіраецца прызнаваць Лукашэнку

Святлана Ціханоўская і Антоніу Кошта

Святлана Ціханоўская і Антоніу Кошта / x.com/eucopresident/

Еўрасаюз не збіраецца прызнаваць Аляксандра Лукашэнку, заявіла кіраўніца Аб'яднанага пераходнага кабінета Святлана Ціханоўская. Пазіцыя ЕС нязменная: вызваленне палітвязняў, спыненне рэпрэсій і ўдзелу Беларусі ў агрэсіі супраць Украіны. Гэта прагучала на сустрэчы Ціханоўскай з прэзідэнтам Еўрапейскага Савета Антоніу Коштам. Яна прайшла ў Бруселі, абмяркоўваліся ключавыя пытанні бяспекі і палітычнай сітуацыі ў Беларусі і рэгіёне.

Як распавяла Святлана Ціханоўская, яна гаварыла з прэзідэнтам Еўрапейскага Савета пра "каардынацыю намаганняў па ўзмацненні міжнароднага ціску на рэжым Лукашэнкі з мэтай вызвалення палітвязняў" (іх у РБ больш за 1200, і гэта толькі прызнаныя праваабаронцамі). Гаворка ішла і пра "пагрозы, звязаныя з ваеннай прысутнасцю Расіі ў Беларусі і іх шырэйшыя наступствы для бяспекі Еўропы". Еўрасаюз працягне падтрымліваць беларускія дэмакратычныя сілы.

"Прэзідэнт Кошта падкрэсліў, што рэгулярна актуалізуе пытанне Беларусі, бо гэта не толькі пытанне дэмакратыі і правоў чалавека, але і бяспекі Еўрапейскага Саюза", — дадала Ціханоўская.

Святлана Ціханоўская таксама сустрэлася з прэзідэнткай Еўрапейскага парламента Рабертай Метсолай. Яны абмеркавалі вызваленне палітвязняў у РБ, спыненне рэпрэсій, падтрымку медыя і грамадзянскай супольнасці. 

Еўрасаюз не збіраецца прызнаваць Лукашэнку
x.com/eucopresident/

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі