Experty.by: Дзіўнаваты выбар экспертаў?
Музычная прэмія Experty.by назвала лепшыя альбомы 2014 года.
Уручэнне музычных ўзнагарод Experty.by адбываецца прыкладна так: гурты Port Mone і TonqiXod па чарзе выходзяць па ганаровыя дыпломы. Кожны па чатыры разы. Менавіта іх апошнія альбомы "Thou" і "Прадмова", выдадзеныя ў мінулым годзе, беларускія музычныя журналісты называюць лепшымі адразу ў 8-мі намінацыях. Галоўны ж прыз, "Альбом года", усё ж дастаецца старэйшым таварышам, Port Mone, якія запісалі "Thou" у беларускім лесе.
"Я меркаваў, што менавіта TonqiXod атрымае большасць галоўных прызоў і я быў у гэтым абсалютна ўпэўнены, бо сам зрабіў бы так жа, — пераконвае радасны Аляксей Варсоба з гурта Port Mone на афтэпаці. — Наш альбом усё ж не нешта грандыёзнае, хаця, натуральна, што як веха, для нас ён вельмі важны. Але вынікі ўсё ж маглі быць іншымі".
Уладзь Лянкевіч, лідар дэбютантаў TonqiXod, у сваю чаргу называе кружэлку Port Mone выдатнай, а ўласную перамогу лічыць збегам пэўных акалічнасцяў:
"Мы трапілі ў нейкі нерв канкрэтных людзей, якія ставілі адзнакі. Магчыма, ім проста не хапала менавіта такой музыкі, хаця гэта не значыць, што з усіх падобных музык гэта найлепшае".
Мінулагодні трыумфатар узнагарод Experty.by, Сяргей Пукст ("Апошні альбом" яго гурта Pukstband стаў "Альбомам 2014"), пагаджаецца з меркаваннем журы. Асабліва цешыць Пукста менавіта перамога TonqiXod.
"Мне падаецца, што гурт вычэрпвае жанр арт-року да канца і пазбаўляе сэнсу далейшыя пошукі і развіццё ў гэтым кірунку ў Беларусі, — Сяргей, як заўсёды, гаваркі. — Складаныя формы ў звязку з беларускай мовай гучаць дастаткова пераканаўча і актуальна, і адзнака экспертаў гэтага рэлізу вельмі важная".
Пукста падтрымлівае і легендарны Лявон Вольскі, чый апошні эпахальны і бескампрамісны альбом "Грамадазнаўства" нечакана не перамог нават у намінацыі "Найлепшы рок-альбом", але ўвайшоў у 5-ку лепшых мінулагодніх рэлізаў: маўляў, TonqiXod — гэта сёлетняя бомба, якая не магла застацца незаўважанай.
У журы прэміі Experty.by уваходзіць 16 беларускіх музычных журналістаў, 5 замежных аглядальнікаў і найбольш актыўныя карыстальнікі сайта. Вынікі, якія ўжо названыя дзіўнаватымі ў сацыяльных сетках, атрыманыя падлікам адзнак журы.