"Гластэнбэры-2014": 175 тысяч гледачоў, дождж, Metallica і бэкстэйдж (фота)

На малочнай ферме ў англійскім графстве Сомерсэт прайшоў адзін з галоўных музычных фестываляў Еўропы "Гластанбэры-2014". 120 тысяч квіткоў на сёлетні фэст разышліся за рэкордныя гадзіну 27 хвілін. І гэта задоўга да аб'яўлення лайн-апа. Дарэчы, ён быў адной з галоўных інтрыг фэсту і трымаўся ў таямніцы да апошняга.

Традыцыйна, нацягнуўшы фірмовы гумовыя боты, трэнд фэсту, публіка была гатовая да дажджоў, бруду, радасці і музыкі. Музыка, зрэшты як і заўсёды, была адборнай: ад Лілі Ален, Kasabian і Metronomy да Джэка Уайта, Роберта Планта і Metallica. Апошніх, дарэчы, не вельмі хацелі бачыць на фэсце: маўляў, музыкі палююць на бурых мядзведзяў, што з'яўляецца несумяшчальным з ідэаламі "Гласта", ды і цяжкая музыка ў Брытаніі цяпер не надта запатрабавана. Аднак выступ металістаў прайшоў на "ура!".

Адзначылася на фэсце і Лілі Ален. Спявачка была настолькі расчараваная вылетам зборнай Англіі з Чэмпіянату свету па футболе, што паслала падалей прэзідэнта ФІФА Ёзэфа Блатара, прысвяціўшы яму сваю песню "Fuck You".

"Наступная песня прысвячаецца аднаму з самых... відаць, не самаму карумпаванаму, але жахліва карумпаванаму: Зэпу, грэбанаму Блатару, табе, мудзіла", — заявіла Ален падчас свайго сэту з галоўнай сцэны "Гласта".

Аўтарка 42-х альбомаў, каралева кантры Долі Партан унесла ў праграму фэсту нотку рэтра. Праўда, блогеры западозрылі Партан у выкарыстанні фанаграмы на канцэрце, маўляў, 68-гадовая спявачка толькі варушыла вуснамі пад музыку.

За Долі тут жа ўступіўся акцёр Стывен Фрай. Праз Твітар ён заявіў, што "калі вам падаецца, што словы не супадаюць з вуснамі, то гэта можа быць праблема тэхнікі. Такое можа быць і з карэспандэнтамі навінаў". Ды і прадстаўнікі Партан інфармацыю пра фанаграму абверглі.

Перад публікай "Гластэнбэры-2014" выступіла і 81-гадовая Ёка Она. Жонка Джона Ленана выканала хіты свайго гурта Plastic Ono Band, заснаванага у 1969 годзе. Да таго ж, Ёка была адказная на фэсце за "дрэвы жаданняў". Яны былі ўсталяваныя на тэрыторыі Green Kids Field. Наведвальнікі "Гласта" маглі пакідаць свае жаданні на гэтых дрэвах. А захоўваць іх будуць пад вежай Imagine Peace Tower у Рэйк'явіку.

Адным з найбольш яскравых выступаў відавочцы называюць дэбют на фэсце Ланы дэль Рэй. Сайт apelzin.ru піша, што на канцэрце поп-дзівы прысутнічала 100 тысяч чалавек, і што сам выступ быў надзвычай энергетычным.

Увогуле, сёлетні фэст стаў месцам дыслакацыі зорных гасцей. Сярод іх — Ноэль Галахер, Стэла Макартні, Алекса Чанг, Рыта Ора, акцёры Брэдлі Купер і Майкл Фасбэндэр і іншыя.

Ларс Ульрых і Ноэль Галахер

Майкл Фасбэндэр і Брэдлі Купер (злева)

Дарэчы, не паспеў адгрымець фэст "Гластанрбэры-2014", на які прыехала 175 тысяч гледачоў, як букмекеры ўжо робяць стаўкі на наступны год. Паводле іх, патэнцыйнымі хэдлайнерамі чарговага "Гласта" могуць стаць Depeche Mode. Разглядаюць букмекеры і іншыя сцэнарыі. Напрыклад, робяцца стаўкі на тое, што ў наступным годзе дажджу на фэсце не будзе ( чаго, практычна, не бывае), і нават не будзе самога фэсту!

Фота: www.independent.co.uk, www.bbc.co.uk, theatreofzen.tumblr.com, terraoko.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі