Гурт Navi і Яўген Грышкавец стварылі сумесную "Калыханку"

Гурт Navi і Яўген Грышкавец стварылі сумесную "Калыханку"

Беларускі гурт Navi і расійскі пісьменнік Яўген Грышкавец запісалі сумесную "Калыханку". Па словах Грышкаўца, ён пачуў гурт у маленькім пабе ў Гомелі, калі гастраляваў у горадзе над Сожам.


"Бар быў зусім маленькі, людзей было не многа, але яны ведалі ўсе песні на памяць. Гурт спяваў па-беларуску і па-руску. Гэта было настолькі выдатна і ярка, што ў нейкі момант я забыўся, што знаходжуся ў маленькім бары, мне гурт даў адчуванне паўнавартаснага, вялікага, шматсоценнага канцэрта,узгадвае Грышкавец. — Яны даведаліся, што я ў бары, і запрасілі мяне на сцэну. Я выйшаў і нешта там такое зымправізаваў, і атрымалася сімпатычна. Пасля канцэрта мы пагутарылі і дамовіліся паспрабаваць запісаць разам песню. Вось і паспрабавалі".

 

Саму "Калыханку" напісала вакалістка Navi Ксенія Жук. Музыкі кажуць, што гэта песня пра любоў і пра тое, што трэба цаніць адзін аднаго і простыя рэчы, якія акружаюць людзей. Запісаны трэк быў часткова ў Маскве, часткова ў Мінску, а выйшаў на вядомым расійскім лэйбле "Снегіры".


"Уражанні класныя, — дзеліцца добрым настроем Арцём Лук'яненка з Navi. — Ён вельмі просты чалавек і мы вельмі пранікліся адзін да аднаго. Некалькі дзён таму стэлефаноўваліся і ён казаў, што адчувае адказнасць за нас, хоча, каб у нас усё атрымалася і чым зможа, будзе дапамагаць".


У планах новаспечанай калабарацыі запіс яшчэ некалькіх трэкаў. Арцём Лук'яненка не выключае, што адзін з іх будзе праспяваны на дзвюх мовах — беларускай і рускай.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі