Гурт Terrakod выдумляе для сваіх песень новыя польскія словы
У гэтыя дні брэстчане працуюць над сінглам з двух трэкаў. Адзін з іх — “Мята” — музыкі збіраюцца запісаць па-беларуску і па-польску.
Брэсцкі гурт Terrakod бліжэйшым часам нагадае пра сябе сінглам. Рытм-секцыя ўжо запісаная, на чарзе вакальныя партыі, дуда і гітары.
“Сінгл актыўна пішацца. У яго ўвойдзе дзве песні: “Мята” і “Брудныя танцы”. “Мята”, напэўна, выйдзе ў двух версіях: беларускай і польскай. Цяпер, праўда, з польскім перакладам ідуць апошнія штрыхі, таму што рытм патрабуе такіх словаў, якіх у польскай мове пакуль няма. Ну але паглядзім, мы ж такія хлопцы крэатыўныя… Можа быць, з’явяцца новыя польскія словы”, — распавядае Еўрарадыё пра працу над сінглам вакаліст і тэкставік Terrakod Байсан.
“Мята” — песня лірычная: пра Хэмінгуэя і махіта. Музыкі абралі для перакладу менавіта яе, бо ім падалося цікавым, як гэты тэкст успрыме “прыпанкаваная польская нацыя”.
Байсан прызнаецца, што, нягледзячы на летнюю спёку, сінгл атрымліваецца зусім не летні:
“Часам і ў нас атрымліваецца трапіць у кан’юнктуру. Але я не ведаю, як для такой цяжкай фолкавай музыкі трапіць у лета. Ну, але спадзяемся, што песня пра махіта і пра мяту прыдасць холаду, калі ён спатрэбіцца слухачу ў гэтыя спякотныя летнія дзянькі”.
Акурат з Польшчы музыкі Terrakod нядаўна і вярнуліся. Гурт удзельнічаў у тэлешоў “Tylko muzyka”. Тры з чатырох суддзяў прагаласавалі “за” беларускіх музыкаў. Таму Terrakod спадзяецца на працяг удзелу ў праекце.
На відэа: Запіс бубнаў для сінгла гурта Terrakod.