Прэзентацыя на Еўрарадыё: EP “Шызафрэнія” ад альтэрнатыўшчыкаў Green Pills
За час запісу музыкі змянілі 9 бубначоў, таму міні-альбом… атрымаўся акустычным.
Новы праект удзельніка гурта ZnaRock Яна Вераб'я — Green Pills —прэзентуе на Еўрарадыё дэбютны EP “Шызафрэнія”.
“Альбом называецца “Шызафрэнія”, бо ён адлюстроўвае шызафрэнічную частку нашага грамадства, — распавядае Еўрарадыё Ян. — То бок, усе мы імкнёмся за нейкімі жыццёвымі рэчамі: хтосьці за грашыма, хтосьці — за кар’ерай і г.д. А гэта аднойчы знікае, і знікаем мы самі. Увогуле, альбом атрымаўся даволі дэпрэсіўным”.
Склад каманды фарміраваўся невыносна доўга. Гурт змяніў 9 бубначоў! У выніку музыка “Шызафрэніі” атрымалася акустычнай.
“Мы вырашылі паэксперыментаваць з гучаннем, бо ў арыгінале гурт дастаткова цяжкі, — тлумачыць Ян Верабей. — І шмат каму складана перакладаць цяжкую музыку на акустычныя інструменты, каб гэта гучала менавіта прыгожа і добра. На маю думку, адбыўся цікавы эксперымент”.
У EP ўвайшло 5 трэкаў і ўступнае intro з вершам, які музыкі называюць намёкам на наступны сінгл. Дарэчы, ён будзе называцца “Маё пакаленне” і выйдзе ўвосень, у новым сезоне. Тады ж музыкі збіраюцца прэзентаваць і электрычную версію “Шызафрэніі”. Жывая прэзентацыя “Шызафрэніі” пройдзе 26 траўня ў клубе Re:Public падчас "Сапраўднага беларускага канцэрту".