Ігар Коктыш: Мы ствараем новую сацыяльную сетку
Фігурант ліста КДБ ў пракуратуру, адзін з арганізатараў "Рэвалюцыі праз сацсеткі" адказаў на пытанні Еўрарадыё.
Еўрарадыё: Ці ведалі вы, што супраць вас заводзіцца крымінальная справа ў Беларусі?
Ігар Коктыш: Я даведаўся, як і ўсе, са сродкаў масавай інфармацыі. Па-чалавечы я радуюся: неяк жа гэтая інфармацыя трапіла ў інтэрнэт, некаторыя супрацоўнікі разумеюць, што свабода ў Беларусі недалёка, таму інфармацыя і прасочваецца. Канешне, я здзіўлены, баюся правакацый у мой адрас.
Еўрарадыё: Ліст быў накіраваны шэфам КДБ у пракуратуру 14 чэрвеня. Да сённяшняга дня крымінальная справа не заведзеная, але ці змянілася штосьці ў вашым жыцці?
Ігар Коктыш: Я не ведаю, ці ёсць крымінальная справа. Але ў маім жыцці шмат што змянілася. Я вымушаны быў пехатою прыйсці з Украіны ў Польшчу, бо была пагроза для жыцця. А на момант правядзення акцыі “Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі” за мной сачылі, мне пераразалі інтэрнэт-правады, каб мы не маглі працаваць, спрабавалі блакаваць наш рэсурс.
Еўрарадыё: У лісце не ўзгадваецца Вячаслаў Дзіянаў. Ён актыўна ўдзельнічаў у арганізацыі рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі на той момант? Ці ён пазней далучыўся?
Ігар Коктыш: Насамрэч гэта я пазней далучыўся. Вячаслаў Дзіянаў быў ініцыятарам гэтага руху. У мяне таксама з’яўляецца шмат пытанняў, у тым ліку і чаму справу вырашылі завесці толькі супраць мяне. Магчыма таму, што я дзейнічаў шчыра і дзеля беларускага народу, але кожны няхай адказвае сам за сябе.
Еўрарадыё: У лісце напісана, што вы знаходзіцеся ва Ўкраіне. Якую пагрозу адтуль вы маглі ўяўляць для Беларусі?
Ігар Коктыш: Цяпер я знаходжуся ў Польшчы, гэта дэмакратычная краіна, дзе дзейнічаюць законы. Ва Ўкраіне, на жаль, заканадаўства не выконваецца. Мяне трымалі там пад арыштам каля трох год, нягледзячы на тое, што гэта было незаконна. Калі б Еўропа не вымусіла Украіну мяне вызваліць, гэта працягвалася б. Україна, на мой погляд, рухаецца ў кірунку беларускага рэжыму.
Еўрарадыё: Ці мелі вы дачыненне да акцыі "Стоп-бензін"?
Ігар Коктыш: Я прасіў пра супрацоўніцтва ініцыятараў "Стоп-бензін". Калі я размаўляў з Шарковым і прасіў яго пра дапамогу, пра супрацоўніцтва, ён адказаў,што калі мы і далучымся, то ў гадзіну Х. Так хтосьці і чакае гадзіны Х, а хтосьці працуе.
Еўрарадыё: Вы адышлі ад руху ці засталіся? Які ваш прагноз на наступныя акцыі?
Ігар Коктыш: Я быў ультыматыўна супраць змены фармату акцый. Я лічу, што трэба трымацца адной лініі, што патрэбныя канкрэтныя і зразумелыя лозунгі. Вячаслаў Дзіянаў зрабіў тое, што зрабіў, і вынікі мы бачым. Я магу сказаць, што зроблена шмат памылак. Ад сябе магу сказаць, што мы збіраемся не на базе Вконтакте, Фэйсбука ці чагосьці яшчэ, гэта будзе наша незалежная сацыяльная палітычная сетка, на якой будзе базавацца ўся наша сіла і мы будзем працаваць у кірунку правядзення рэальных канструктыўных пераменаў у Беларусі.
Еўрарадыё: То бок вы будзеце працягваць рэвалюцыю ўжо не праз сацыяльныя сеткі, а праз іншы ўласны рэсурс?
Ігар Коктыш: Нам неабходная свая сацыяльная сетка, і яна ўжо ёсць. Толькі так мы можам дасягнуць вынікаў. З дакладнай арганізацыяй, са зразумелымі лозунгамі, з дакладнымі ўмовамі. Усё павінна быць празрыста і максімальна канструктыўна. Трэба прыслухоўвацца да думкі людзей. Мне пісалі сотні людзей, не ўсе станоўча. Але я згодны з большасцю, што каб дасягнуць канструктыўных пераменаў, неабходна дзейнічаць цэнтралізавана і дэмакратычна. Калі вырашае не адзін чалавек, а група, і агульнае меркаванне заўсёды важнейшае, бо яно больш канструктыўнае.
Еўрарадыё: Колькі сяброў у вашай новай сацыяльнай сетцы?
Ігар Коктыш: Зараз каля 200 чалавек, але яшчэ не было прэзентацыі. У бліжэйшы час адбудзецца прэзентацыя. А што датычыцца далейшага – нам патрэбныя вынікі. І я заклікаю ўсіх працаваць выключна на ідэю, на вынік, а не на нейкія незразумелыя абстрактныя рэчы. Беларусь павінна быць свабоднай.
Еўрарадыё: Мы ўчора размаўлялі з палітыкамі, спрабавалі падвесці вынікі Народнага Сходу, шмат хто казаў пра прыпыненне вулічных пратэстаў, пра працу з працоўнымі калектывамі. Што вы думаеце на гэты конт?
Ігар Коктыш: Я стаміўся ад папулізму, ад гэтых лозунгаў. Я лічу, што людзі павінны выйсці толькі раз і дзеля таго, каб змяніць уладу. Трэба рабіць самім.