Інфармацыя пра затрыманне Віктара Пракапені з'явілася ў "Вікіпедыі"
Віктар Пракапеня. Фота: БелТА
Беларускую медыясферу ліхаманіць ад скандалу, звязанага з выдаленнем артыкулаў пра крымінальны пераслед IT-бізнесмена і аднаго з ідэолагаў дэкрэта №8 "Аб развіцці лічбавай эканомікі" Віктара Пракапені. Каля паўгода таму некалькі СМІ пад рознымі нагодамі выдалілі архіўныя артыкулы за 2015 год, якія тычыліся затрымання Пракапені, прад'яўленых яму абвінавачванняў і выплачанай ім кампенсацыі "нанесенай шкоды". Прадстаўнікі некаторых з гэтых СМІ заявілі, што бізнесмен асабіста або праз сваіх прадстаўнікоў прасіў прыбраць негатыўную інфармацыю пра сябе.
Аднак (а, магчыма, і ў супрацьвагу гэтым крокам) інфармацыяй пра крымінальную справу супраць Пракапеня былі дапоўненыя артыкулы "Вікіпедыі" на рускай и на англійскай мовах. Пры гэтым англійская версія артыкула змяшчае згадку пра спробы бізнэсмэна "выправіць" інтэрнэт:
"Some bloggers have subsequently accused Prokopenya of trying to whitewash the information about his imprisonment from the internet". "Некаторыя блогеры пасля абвінавацілі Пракапеню ў спробе сцерці інфармацыю аб яго турэмным зняволенні з інтэрнэту".
Імя Віктара Пракапеня трапіла ў загалоўкі ўвесну 2015 года, калі Следчы камітэт пачаў супраць яго справу аб атрыманні даходу ў памеры $650 тысяч ад незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці ў сферы IT. 3 красавіка 2015 года прадпрымальнік быў затрыманы і змешчаны ў СІЗА. Аднак да суда справа не дайшла: 22 снежня Віктар Пракапеня быў адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе. Яшчэ праз два месяцы з яго былі знятыя абвінавачванні, а крымінальная справа была спыненая указам Аляксандра Лукашэнкі.