Ксёндз-“забойца” і ксёндз-“рыэлтар”: як у Беларусі ачарняюць каталіцкіх святароў

У краіне чарговая хваля змагання з прадстаўнікамі “нязручнай” канфесіі / калаж Улада Рубанава
У краіне чарговая хваля змагання з прадстаўнікамі “нязручнай” канфесіі / калаж Улада Рубанава

У Беларусі чарговая хваля змагання з каталіцкімі святарамі. У мінулым месяцы адбыўся шэраг затрыманняў, у гэтым — пачалася кампанія па дыскрэдытацыі.

Распавядаем, якімі сродкамі рэжым спрабуе ачарніць прадстаўнікоў “нязручнай” канфесіі. 

Ксёндз-“забойца”

У праўладных пабліках 15 чэрвеня з’явілася правакацыйная публікацыя пра вядомага каталіцкага святара з Мінска, які нібыта зліваў інфармацыю “экстрэмісцкім каналам”. Аднак, на думку Katolik.life, у тэлефоне ксяндза нічога не знайшлі, бо ўвечары таго ж дня ён быў на волі і працягваў выконваць свае абавязкі.

У пастах акрамя абвінавачанняў у “злівах” прапагандысты паставілі яму ў віну “забойства жывёлаў”:

“А яшчэ ***** — заўзяты паляўнічы з 10-гадовым стажам насуперак кананічнай забароне на пазбаўленне жыцця. Каб забіваць, ён закупіўся зброяй на 25К$, а яшчэ пазадарожнікам чыста для палявання. Заадно набыў і катэр”.

У якасці доказаў апублікавалі некалькі яго здымкаў з сацсетак: у тым ліку з… вялікім сомам.

Ксёндз-“забойца” і ксёндз-“рыэлтар”: як у Беларусі ачарняюць каталіцкіх святароў
Той самы ксёндз-"забойца" / фота з сацсетак

Пра маральны бок палявання можна спрачацца доўга, але на гэты занятак дакладна не распаўсюджваецца “кананічная забарона на пазбаўленне жыцця”.

Сам святар не хаваў свайго хобі і нават калісьці даваў інтэрв’ю з гэтай нагоды:

“Але ж у жывёлы няма душы! І тое, што на паляванні мы яе забіваем, ніякага дачынення да Божых запаведзяў не мае. Ёсць, вядома, тыя, хто адчуваюць асалоду не ад самога працэсу палявання, а менавіта ад забойства — не абавязкова дзікіх звяроў, а і проста дваровых котак і сабак, назіраючы іх перадсмяротныя пакуты. Гэта хворыя людзі! Сапраўдны ж паляўнічы імкнецца выключыць пакуты звяроў і птушак, вучыцца патрапляць адразу па месцы”.

Дый з якіх часоў беларускі рэжым стаў мець нешта супраць палявання? Магчыма, прапагандысты папросту не ведаюць, хто ў Беларусі манапаліст па аказанні гэтых крывавых паслуг.

“Чорны рыэлтар”

Паклёпніцкая публікацыя з'явілася ў прапагандысцкіх пабліках і ў адносінах да пробашча мінскай парафіі Святых Сымона і Алены. Ксяндза Уладзіслава Завальнюка паспрабавалі абвінаваціць у махінацыях з нерухомасцю.

З доказаў: ананімны ліст адной “неабыякавай парафіянкі”, які яна вырашыла даслаць у прапагандысцкую непапулярную супольнасць у сацсетцы “УКантакце”. У рэдакцыю Еўрарадыё, дарэчы, таксама дасылалі гэтую “скаргу”.

Сцвярджалася, што Завальнюк упрошвае сваіх парафіянаў адпісваць уласныя кватэры касцёлу.

І як абвінавачанне гучаць тое, што святар “пабудаваў кватэру недзе ва Фрунзенскім раёне”. Адметна, што сам святар яе наяўнасці ніколі не прыхоўваў і нават публічна заяўляў аб тым, што закладваў гэтую кватэру падчас збору грошай на званы для Чырвонага касцёла. Тады вернікам трэба было сабраць 70 тысяч еўра — дзяржструктуры ў фінансаванні не ўдзельнічалі, хоць будынак храма належыць дзяржаве.

Дыскрэдытацыя ксяндза адбываецца на фоне яго спробы вярнуць Чырвоны касцёл вернікам, які зачынены ўжо амаль 9 месяцаў.

“Відавочна, што мэта падобных публікацый — падарваць аўтарытэт каталіцкага духавенства, давер да яго, унесці раз'яднанасць у шэрагі вернікаў. Відаць, што правакацыйныя публікацыі распаўсюдзілі па цэнтралізаваным указанні — амаль адначасова паведамленні з аднолькавым тэкстам з'явіліся на розных платформах у агульных і рэгіянальных пабліках, у выніку ахапіўшы аўдыторыю ў некалькі тысяч чалавек”,  — тлумачыць партал Katolik.life

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі