Латушка перадаў у Міжнародны суд у Гаазе дадатковыя матэрыялы на Лукашэнку
Міжнародны крымінальны суд
Прадстаўнікі каманды Народнага антыкрызіснага кіравання (НАУ) на чале з Паўлам Латушкам перадалі Міжнароднаму крымінальнаму суду (МКС) у Гаазе дадатковыя матэрыялы аб дачыненні "[Аляксандра] Лукашэнкі і яго саюзнікаў да ваеннага злачынства — перамяшчэнню ўкраінскіх дзяцей". Сустрэча адбылася напярэдадні ў офісе пракурора МУС.
На сайце НАУ гаворыцца, што новыя матэрыялы дапаўняюць інфармацыю, якая была перададзена МКС раней гэтым летам.
"Каманда НАУ вызначыла іерархію стасункаў "начальнік-падначалены" паміж Лукашэнкам і датычнымі да супрацьпраўных дзеянняў службовымі і іншымі асобамі", — гаворыцца ў паведамленні. У НАУ падкрэслілі, што пасля інфармацыі аб перадачы першага пакета дакументаў Лукашэнка выступіў з заявай, у якой "фактычна прызнаў сваю ролю ў гэтых злачынствах". У прыватнасці, на цырымоніі ўручэння генеральскіх пагонаў 27 чэрвеня ён пацвердзіў, што арганізацыяй "аздараўлення і рэабілітацыі ў Беларусі дзяцей Данбаса займаецца грамадскі дзеяч Аляксей Талай". Пазней, нагадваюць у НАУ, Лукашэнка "публічна паўтарыў заявы аб сваім асабістым рашэнні аказаць усебаковую падтрымку Фонду Талая ў арганізацыі вывазу дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны ў Беларусь для т.зв. рэабілітацыі". Пры гэтым Лукашэнка адзначыў, што выдзяленне сродкаў на гэтую "рэабілітацыю" з бюджэту Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі было яго асабістай ініцыятывай.
Суду ў Гаазе гэтым разам перададзеныя і "падрабязныя сведчанні аб праграме перавыхавання" украінскіх дзяцей "пад выглядам так званай рэабілітацыйнай праграмы ў лагеры "Дуброва" ў Беларусі. Лагер належыць прадпрыемству "Беларуськалій".
"У дадатковых матэрыялах прыведзены доказы таго, што дзеці не былі дастаўлены ў лагер для лячэння або медыцынскай рэабілітацыі. Замест гэтага дзеці ўдзельнічалі ў насычанай праграме мерапрыемстваў, якая ўтрымлівала элементы палітычнага, а менавіта антыўкраінскага, пралукашэнкаўскага і пракрамлёўскага перавыхавання», — гаворыцца ў заяве НАУ. У прыватнасці, для дзяцей былі арганізаваны сустрэчы з прадстаўнікамі Рускай Праваслаўнай Царквы, мотаклубаў "Начныя Валькірыі" і "Начныя ваўкі, прапагандыстамі і артыстамі, якія падтрымліваюць вайну супраць Украіны.
У матэрыялах утрымліваюцца "асабістыя звесткі 37 украінскіх дзяцей, незаконна вывезеных з тэрыторыі Украіны". А ўсяго, згодна з інфармацыяй НА, "у Беларусь было вывезена" больш за 3 тыс.украінскіх дзяцей", з якіх не менш за 2,1 тыс. — "з відавочнымі парушэннямі нормаў міжнароднага гуманітарнага права".
Нагадаем, за вываз украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый МКС выдаў ордэр на арышт прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмена Марыі Львовай-Бяловай. У верасні Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю з заклікам да МУС разгледзець магчымасць выдаць ордэр і на арышт Лукашэнкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.