LIDBEER-2017: "Крамбамбуля", "Океан Ельзи" і беларуская мова
Найбуйнейшы беларускі оpen-air LIDBEER пройдзе 9 верасня ў Лідзе. Хэдланерамі фэсту стануць "Крамбамбуля", "Петля Пристрастия", Lumen і "Океан Ельзи". Іншыя музыкі могуць выступіць на вольнай сцэне. Для гэтага ім трэба падаць заяўку на ўдзел, а з 22 ліпеня па 22 жніўня за іх можна будзе галасаваць на сайце LIDBEER. Больш за тое, гурт, які набярэ найбольшую колькасць галасоў, атрымае запрашэнне адкрыць галоўную сцэну LIDBEER-2018!
Летась кампанія "Лідскае піва", якая ладзіць LIDBEER, ажыццявіла рэбрэндынг флагманскай лінейкі піва ЛІДСКАЕ® і пачала камунікаваць са сваімі спажыўцамі на беларускай мове. Фестываль LIDBEER таксама падтрымае гэтую ініцыятыву: будзе выпушчаная адпаведная атрыбутыка, і камунікацыя з гасцямі будзе весціся па-беларуску.
Арганізатары падкрэсліваюць, што галоўная асаблівасць фестывалю — гэта інтэрактыў. Кожны жадаючы можа стаць удзельнікам найбуйнейшага open-air краіны. Для гэтага трэба запоўніць зваротную форму і адправіць заяўку на ўдзел у фестывалі. Калі вы робіце прыгожыя вырабы, гатуеце смачныя стравы, з лёгкасцю заваёўваеце ўвагу дарослых і дзяцей сваімі гульнямі альбо лічыце, што ваш гурт стане вядомым на ўвесь свет — LIDBEER-2017 чакае вас. Заяўкі на ўдзел у фестывалі прымаюцца з 7 чэрвеня па 21 ліпеня 2017 года.
Разнастайнай ежы на фэсце стане больш у два разы. Санітарная зона з прыбіральнямі павялічыцца ў тры разы. Для гасцей фестывалю будзе працаваць вялікі кэмпінг, у якім кожны жадаючы зможа застацца на начлег. Апроч музыкі чакаецца таксама цікавы квэст па Лідзе, дзіцячая пляцоўка, лунапарк, фотазоны, камандныя квізы, моўныя гульні і шмат іншага. А таксама экскурсія па заводзе "Лідскае піва" і вялікі фейерверк.
Уваход на фэст бясплатны, на канцэрт хэдлайнераў — 10 рублёў.