Лукашэнка гаварыў пра сямейны капітал у 10 тысяч долараў (відэа)
Рэспубліканскім бюджэтам ужо запланаваныя сродкі на гэты праект на 2015 год у памеры 1,8 трлн рублёў.
Аляксандр Лукашэнка ўхваліў рашэнне аб увядзенні з 1 студзеня 2015 года сямейнага капіталу ў памеры 10 тысяч долараў пры нараджэнні трэцяга і наступных дзяцей. Пра гэта кіраўнік дзяржавы гаварыў 5 снежня на сустрэчы з міністрам працы і сацыяльнай абароны насельніцтва Марыянай Шчоткінай. Лукашэнка разглядаў праект указа па дзяржпадтрымцы сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей, і стымуляванні нараджальнасці, распрацаваны з улікам заўваг і прапановаў.
"Мы вызначыліся, што для нас гэта найважнейшая праблема. Насельніцтва ў Беларусі павінна павялічвацца, — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі БЕЛТА. — Мы дамовіліся, што меры будуць доўгатэрміновымі. За кожнага трэцяе і наступнае дзіця сям'і прадастаўляецца 10 тысяч долараў. Яны змогуць скарыстацца гэтым капіталам праз 18 гадоў. Гэта ўжо будзе, мы пралічылі, 14 тысяч долараў, а можа быць, нават 15 тысяч долараў. Гэта грошы добрыя. Гэта доўгатэрміновая падтрымка. Ёсць і бягучая падтрымка, кароткатэрміновая, матэрыяльная дапамога, выплаты, льготныя крэдыты на жыллё і г. д.".
Лукашэнка адзначыў, што абавязкова трэба арыентавацца на магчымасці бюджэту, каб не ўзяць "лішніх абавязацельстваў", якія пасля не ўдасца выканаць. "Таму памыліцца нельга. Тое, што абяцаем, павінны абавязкова зрабіць. Празмернасцяў тут таксама быць не павінна", — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Як адзначыла Марыяна Шчоткіна, рэспубліканскім бюджэтам ужо запланаваныя сродкі на гэты праект на наступны год у памеры 1,8 трлн рублёў.
Адзначым, што праект указа ў дачыненні да сямейнага капіталу прадугледжвае адначасовае прадастаўленне сем'ям безнаяўных грашовых сродкаў — 10 тысяч долараў — пры нараджэнні трэцяга або наступных дзяцей. Права на сямейны капітал маюць грамадзяне Беларусі пры нараджэнні альбо усынаўленні трэцяга і наступных дзяцей, якія нарадзіліся з 1 студзеня 2015 года да 31 снежня 2019 года. Прызначэнне сямейнага капіталу будзе ажыццяўляцца пры звароце ў мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы. Права на зварот за прызначэннем сямейнага капіталу можа быць рэалізавана на працягу 6 месяцаў з дня нараджэння ці ўсынаўлення трэцяга і наступных дзяцей.
Права распараджэння сродкамі сямейнага капіталу надыдзе пасля заканчэння 18 гадоў з даты нараджэння гэтага дзіцяці. Сродкі сямейнага капіталу сям'я зможа накіраваць на паляпшэнне жыллёвых умоў, атрыманне адукацыі, паслуг у сферы сацыяльнага абслугоўвання, аховы здароўя, фарміраванне назапашвальнай пенсіі маці. Пры гэтым сродкі могуць быць выкарыстаны датэрмінова на атрыманне платных медыцынскіх паслуг. Сродкі сямейнага капіталу будуць размяшчацца на дэпазітарных рахунках грамадзян у "Беларусбанку".
Фота — ria.ru