Лукашэнка і Пуцін не абмяркоўвалі праект стварэння ваеннай базы ў Беларусі

Лукашэнка і Пуцін не абмяркоўвалі праект стварэння ваеннай базы ў Беларусі

15 снежня на перамовах у Маскве Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна не абмяркоўваўся праект размяшчэння ў нашай краіне расійскай ваеннай базы. Пра гэта заявіў прэс-сакратар расійскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў. Але на перамовах была дасягнутая дамоўленасць пра актывізацыю ваеннага і ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва.

Нагадаем, у пачатку восені Пуцін даручыў расійскім Мінабароны і МЗС правесці з Мінскам перамовы і па іх выніках падпісаць пагадненне аб стварэнні ў Беларусі расійскай авіябазы. Пасля гэтага ў Мінску прайшлі акцыі пратэсту, пазней Лукашэнка заявіў, што расійская ваенная база нашай краіне непатрэбная.

Па выніках сённяшняй сустрэчы Лукашэнка заявіў, што пасля перамоваў не засталося пытанняў, па якіх бакі не змаглі дамовіцца. "Мы гатовыя ўсяляк садзейнічаць у задавальненні патрэбаў расійскага рынку па тых групах тавараў, якія мы можам вырабляць канкурэнтна па цане і якасці", — цытуе словы беларускага кіраўніка БЕЛТА.

Пуцін адзначыў, што перамовы з Лукашэнкам прайшлі "канструктыўна". У Масквы і Мінска "блізкія пазіцыі па Украіне і барацьбе з тэрарызмам у Сірыі". "Беларусь па-суседску зацікаўленая ў міры на ўкраінскай зямлі", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што міжнародны тэрарызм кінуў выклік усяму свету і бесчалавечным, варварскім дзеянням тэрарыстаў не можа быць апраўдання.

На перамовах абмяркоўвалася і будаўніцтва Беларускай АЭС у Астравецкім раёне. Пуцін заявіў, што яно ідзе ў строгай адпаведнасці з графікам.

Таксама сёння Беларусь і Расія дамовіліся каардынаваць высілкі ў Саюзнай дзяржаве і Еўразійскім эканамічным саюзе па стварэнні дадатковых умоваў для павелічэння аб'ёмаў узаемнага гандлю і павышэння дзелавой актыўнасці рэальнага сектару эканомік двух краін. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве, якую падпісалі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін. Больш падрабязнапра гэта гл. тут.


Фота: БЕЛТА

 

Лукашэнка і Пуцін не абмяркоўвалі праект стварэння ваеннай базы ў Беларусі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі