Лукашэнка раскрыў сакрэт сваёй фізічнай формы (відэа)
Бегаць, секчы дровы, гуляць у тэніс з дзецьмі — яго спосаб падтрымаць сябе ў добрай кандыцыі.
Аляксандр Лукашэнка падзяліўся са студэнтамі Беларускага ўніверсітэту фізкультуры сваім сакрэтам добрай фізічнай формы. Пра свае заняткі спортам ён распавёў сёння ў часе візіту ў гэтую ВНУ. Ён сказаў, што дзве гадзіны на дзень прысвячае трэніроўкам, нават калі ён у паездках.
“Спорт — гэта частка майго жыцця. Не было б спорту — не змог бы працаваць, вытрымліваць такія нагрузкі”, — цытуе Аляксандра Лукашэнку БЕЛТА.
Паводле кіраўніка дзяржавы, ён у свой час займаўся футболам, умее гуляць у валейбол і баскетбол. Тройчы на тыдзень ён выходзіць на лёд з клюшкай — гуляе ў хакей.
“Калі няма трэніроўкі, я або бегаю, або дровы сяку, або ў тэніс з дзецьмі гуляю”, — распавёў Лукашэнка.
Акрамя таго, ён любіць ролікі і лыжаролеры, горныя лыжы. Аднак пасля аперацыі на калене ён усё радзей можа бавіць час за такімі практыкаваннямі.
Фота: REUTERS