Любоў не знікла. У Мінску паказалі дакументалку пра Юрыя Шаўчука
Афіша фільма / Еўрарадыё
3 лістапада ў новым кінаклубе "Артфармат" у кінатэатры Silver Screen паказалі дакументальны фільм журналіста Паўла Селіна "Юра музыкант". Фільм расказвае пра 11 гадоў жыцця нязменнага лідара гурта ДДТ Юрыя Шаўчука.
Селін пачаў здымаць фільм у 2007 годзе і планаваў выпусціць яго праз пяць гадоў да 50-гадовага юбілею Шаўчука. Але, па словах рэжысёра, да 2012 года Расія моцна змянілася, сам Селін ужо не працаваў на тэлеканале НТВ, дзе збіраўся паказаць фільм. У той час Юрыя Шаўчука таксама было немагчыма ўявіць на федэральным канале. Таму прэм'ера фільма адбылася яшчэ праз 6 гадоў — 31 снежня 2018 года.
Фільм напоўнены разважаннямі пра Расію, апавяданнямі пра яго рэпрэсаванага дзядулю. Кажучы пра канцэрт у Чачні, Шаўчук прызнаўся, што для яго гэта быў самы цяжкі выступ: "Поўная зала ўзброеных людзей. Публіка мянялася кожныя 15 хвілін", — расказваў музыкант у фільме.
Павел Селін, адказваючы на пытанні гледачоў пасля фільма, расказаў, што заўважыў, як змяніўся лідар ДДТ.
"З трыбуны, з чалавека з шабляй ён стаў мудрэйшым, спакайнейшым. Зараз ён спрабуе не ўдзельнічаць у схватцы, а падымацца над ёй".
За некалькі гадзін да паказу фільма ў Мінску Павел Селін расказаў пра яго ў эфіры Еўрарадыё.
У фільме няма ніводнага кадра з асабістага жыцця Юрыя Шаўчука. Магчыма, таму здаецца, што ў ім чагосьці не хапае. Селін прызнаўся, што ў яго з музыкам была дамоўленасць: асабістага ў фільме не будзе.