Махляркі з фотаздымкамі дзяцей сыходзяць з пераходаў у Мінску?
Тым часам мінская міліцыя арганізоўвае круглы стол, каб абмеркаваць вырашэнне праблемы.
11 і 12 сакавіка правяраем, ці выйшлі “фэйкавыя мамы” з партрэтамі дзяцей збіраць грошы нібыта на іх лячэнне.
У людных пераходах метро на плошчы Якуба Коласа, дзе бацькі маленькай Сашы Іванцовай за руку злавілі адну з махлярак, ужо больш за тыдзень ніхто з жабракоў не выкарыстоўвае партрэты дзяцей. Пра гэта кажуць гандляры, якія таксама працуюць у пераходзе.
“Яна стаяла там, на выхадзе, на прыступках. Калі пачуе, што ідзе міліцыя, паперку ў куртку засуне — і ўцякае. А калі яе павезлі ў аддзяленне, то ў той жа дзень яна зноўку прыйшла ў пераход каля сёмай вечара”, — кажа гандлярка латарэяй спадарыня Ніна.
Жанчына распавядае пра Тамару А., якую бацькі Сашы Іванцовай за руку злавілі на Якуба Коласа. Аферыстка стаяла з партрэтам іх дачкі. Яе павезлі ў міліцыю і ў той жа дзень адпусцілі. Пасля гэтага зламысніца расказала знаёмым з перахода, што міліцыя пагражала ёй крымінальнай справай у выпадку паўторнага затрымання. Паставілі ўмову: сысці з амаральнага “бізнесу” і цягам тыдня ўладкавацца на працу. Але бацькам хворай дзяўчынкі тэлефанавалі ўжо на наступны дзень пасля затрымання аферысткі. Жанчыну, падобную да Тамары, бачылі ўжо каля мясцовага “Еўраопта”.
Тамара А. у звычайным жыцці: зусім не мама і адчувае сябе добра
Знікла і жабрачка, якая прасіла грошы з партрэтам дзіцяці ў пераходзе ля чыгуначнага вакзала.
“Сёння я яе не бачыла. Хоць звычайна яна стаіць на лесвіцы”, — здзіўляецца адна з мясцовых гандлярак кветкамі.
Не пабачылі мы кабету з партрэтам дзіцяці і на выхадзе з пераходу на Каменнай Горцы. А гэта яшчэ адно выгаднае месца, дзе грошы даюць бесперапынна. Мясцовыя гандляркі кажуць, што не бачылі “няшчаснай мамашы” ўжо больш за тыдзень.
Тое самае з “кропкай” ля “Еўраопта” на Мантажнікаў.
Тым часам слухачы Еўрарадыё паведамілі, што раз-пораз усё ж бачаць зламысніц. Напрыклад, увечары 8 сакавіка ля супермаркета “Гіпа” на выездзе ў бок Віцебска. А ў сераду 11 сакавіка — ля гіпермаркета “Прастор” на праспекце Дзяржынскага.
Засвяцілася жанчына з фотаздымкам дзіцяці 12 сакавіка ля ўніверсама “Першамайскі” ва Уруччы. Аднак пералічаныя выпадкі ў сталіцы адзінкавыя ў параўнанні з тым, што было яшчэ два тыдні таму.
Махлярка з партрэтам хворага дзіцяці за месяц можа сабраць 30 мільёнаў
У той час калі махляркі сышлі ў падполле, сталічная міліцыя ў пятніцу, 13 сакавіка, арганізоўвае ў Доме друку круглы стол. Туды запрошаныя дэпутаты і прадстаўнікі пацярпелых сем’яў.
Нагадаем, што Еўрарадыё публікавала гісторыі пра тое, як фэйкавыя мамы зараблялі грошы на фотаздымках Сашы Іванцовай і Дашы Сяргейчык. Хоць на лячэнне дзеткам грошы не шлі.
Нават калі людзі ў пагонах затрымлівалі зламысніц за руку, ні крымінальныя, ні адміністрацыйныя справы, як правіла, не распачыналіся.