МАК: нельга дапускаць да спаборніцтваў тых, хто падтрымлівае вайну ва Украіне

Толькі нейтральны статус / loon.site
Толькі нейтральны статус / loon.site

Выканаўчая рада Міжнароднага алімпійскага камітэта заявіла пра салідарнасць з Украінай і падаўжэнне санкцый у дачыненні да спартоўцаў з Беларусі і Расіі. Пра гэта напісана на афіцыйным сайце арганізацыі.

Саміт Выканаўчай рады МАК заявіў пра неабходнасць нядопуску да спаборніцтваў спартоўцаў, якія адкрыта падтрымаюць вайну ва Украіне. Атлеты з Расіі і Беларусі, якія будуць дапушчаны да спаборніцтваў, маюць права прымаць удзел выключна ў нейтральным статусе.

Таксама ў спаборніцтвах могуць прымаць удзел толькі спартоўцы, якія цалкам паважаюць Алімпійскую хартыю. У прыватнасці, гэта азначае тое, спаборнічаць могуць толькі тыя, хто не дзейнічаў супраць міратворчай місіі МАК, актыўна падтрымліваючы вайну ва Украіне. Таксама да ўдзелу могуць быць дапушчаны спартоўцы, якія цалкам адпавядаюць Сусветнаму антыдопінгаваму кодэксу і ўсім адпаведным антыдопінгавым правілам і нормам. Для ўсіх заяўленых спартоўцаў павінны быць праведзены індывідуальныя праверкі.

Акрамя таго, удзельнікі саміту прынялі рашэнне аб узмацненні і падаўжэнні наступных санкцый:

забаронены міжнародныя спартыўныя мерапрыемствы пад эгідай МАК у Расіі і Беларусі.

сцягі і гімны Расіі і Беларусі не могуць дэманстравацца на спартыўных мерапрыемствах.

прадстаўнікі ўладаў Расіі і Беларусі не павінны быць запрошаны альбо акрэдытаваны на спартыўныя мерапрыемствы і сходы.

Як паведамляецца ў тэлеграм-канале apeikin_news, Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці вітае рашэнне Выканаўчай рады МАК і працягвае працу па садзейнічанні над выкананнем Алімпійскай хартыі сярод атлетаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі