Махляры прапануюць беларусам адкупіцца ад "крыміналкі за экстрэмізм"
Махляры хочуць нажыцца на палітычных рэпрэсіях у Беларусі
Жыхары Беларусі сталі атрымліваць у сацсетках пагрозы ад невядомых: ім прапануюць адкупіцца ад "крымінальнай справы за экстрэмізм". Цана пытання — 20 еўра.
"Вашая актыўнасць у экстрэмісцкіх групах прыцягнула маю ўвагу. Вымушаны паведаміць, што ў вас могуць узнікнуць праблемы з законам. Канкрэтна ў вашым выпадку справа будзе распачатая паводле артыкула 361-4 КК РБ "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці". Я разумею, што такое пакаранне, як пяць гадоў турмы, не адпавядае цяжару вашай віны. Таму прапаную сваю дапамогу: усяго толькі за 20 еўра я дапамагу "забыцца" знойдзеную інфармацыю. Інструкцыя тут", — гаворыцца ў паведамленні ад імя нейкага Дзяніса.
Таксама аўтар допісу пагражае, што запісаў усю гісторыю актыўнасці акаўнта з 2020 года.
Як адзначаюць праваабаронцы, такія допісы атрымалі жыхары Магілёўскай, Віцебскай і Гродзенскай абласцей. Такія ж паведамленні атрымлівалі і беларусы ў Польшчы.
Відавочна, што махляры спрабуюць скарыстацца палітычнай сітуацыяй у Беларусі, дзе з 2020 года працягваюцца жорсткія рэпрэсіі.
Пераходзіць па дасланых спасылках не рэкамендуецца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.