Малдова 20 кастрычніка правядзе рэферэндум аб уступленні ў ЕС

Больш за палову грамадзян Малдовы падтрымліваюць уступленне краіны ў ЕС

Больш за палову грамадзян Малдовы падтрымліваюць уступленне краіны ў ЕС / gettyimages.at

Малдова 20 кастрычніка 2024 года правядзе рэферэндум аб уступленні ў Еўрасаюз. У чацвер гэтую дату зацвердзіў парламент, паведамляе newsmaker.md.

Аўтары законапраекта змянілі пытанне, якое выносіцца на рэферэндум. Замест пытання "Вы за далучэнне Малдовы да ЕС?" у бюлетэні будзе пытанне: "Ці падтрымліваеце вы ўвядзенне еўрапейскай інтэграцыі ў Канстытуцыю Малдовы?". І два варыянты адказу: "Так" і "Не".

У выпадку, калі на рэферэндуме большасць выбаршчыкаў прагаласуюць "за", у прэамбуле Канстытуцыі з'явіцца згадка пра еўрапейскую ідэнтычнасць і незваротнасць еўрапейскага шляху развіцця Малдовы. Таксама там будзе асобны артыкул "Еўрапейская інтэграцыя". У ім адзначаць, што Малдова далучаецца да дамоваў аб стварэнні Еўрасаюза і да актаў, якія пераглядаюць устаноўчыя дамовы ЕС. Пасля далучэння да гэтых дамоваў і актаў у іх будзе прыярытэт перад нацыянальнымі законамі краіны.

Гэтыя папраўкі ўнясуць адразу пасля прызнання Канстытуцыйным судом вынікаў рэферэндуму. Дадатковага галасавання ў парламенце не прадугледжана.

Паводле красавіцкага апытання, 56% грамадзян Малдовы падтрымліваюць уступленне краіны ў ЕС.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі