Марыя Калеснікава сустрэлася з бацькам — фота

Марыя Калеснікава і Аляксандр Калеснікаў

Марыя Калеснікава і Аляксандр Калеснікаў

Беларуская палітзняволеная Марыя Калеснікава сустрэлася з бацькам. Фота сустрэчы выклаў у сацыяльныя сеткі Раман Пратасевіч. Ніякіх падрабязнасцяў сустрэчы ён не прывёў.

У 2020 годзе Калеснікава была адной з галоўных дзейных асобаў беларускага пратэсту. Яна адмовілася з'язджаць з Беларусі, і суд адправіў яе ў калонію на 11 гадоў.

Бацька Марыі Калеснікавай Аляксандр у кастрычніку гэтага года расказваў Associated Press пра сваю чарговую беспаспяховую спробу наведаць дачку ў калоніі. Сувязі з Марыяй не было ўжо больш за 18 месяцаў: ні спатканняў, ні лістоў. Калі Аляксандр Калеснікаў быў У Гомелі і спрабаваў дамагчыся сустрэчы, у спатканні адмовілі.

У родных ёсць інфармацыя, што ў траўні або чэрвені Марыя зноў трапіла ў бальніцу. "Я магу толькі маліцца Богу, каб яна была жывая. Улады ігнаруюць мае просьбы аб сустрэчах і лістах — гэта жудаснае пачуццё бездапаможнасці для бацькі", — казаў Аляксандр Калеснікаў.

Сястра Калеснікавай Таццяна Хоміч раней казала, што Марыя пры росце ў 175 сантыметраў важыць цяпер усяго каля 45 кілаграмаў. "Яны павольна забіваюць Марыю, і я лічу, што гэта крытычны перыяд, таму што ў такіх умовах ніхто не выжыве", — сказала тады Таццяна. Апошні ліст ад Марыі родныя атрымалі ў лютым 2023 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі