Міліцыя просіць Партыю БНФ здаць актывістаў
Брэсцкая міліцыя шукае людзей, якія ўпарадкавалі Балахоўскія могілкі ў абласным цэнтры.
Брэсцкая міліцыя звярнулася да старшыні Партыі БНФ з просьбай паведаміць "установачныя дадзеныя грамадзянаў, выяўленых на фатаздымку". У лісце, які прыйшоў на адрас Партыі БНФ у Мінску, падпалкоўнік міліцыі Кугач інфармуе, што аддзел унутраных спраў Ленінскага раёну Брэста праводзіць праверку з нагоды публікацыі артыкула на сайце Хартыі’97. Там распавядалася, што грамадскія актывісты ўпарадкавалі Балахоўскія могілкі ў Брэсце і пасля прыборкі запалілі свечкі ў памяць загінулых салдат. Акрамя таго, каля адной з магіл яны размясцілі бел-чырвона-белы сцяг.
Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч заявіў карэспандэнту Радыё "Свабода", што ніякіх звестак міліцыі даваць не будзе. Па яго словах, партыя не мае такой інфармацыі. Разам з тым Янукевіч адзначыў, апошнім часам па фатаздымках з разнастайных акцыяў "органы палітычнага пераследу" імкнуцца знайсьці актывістаў і неяк пакараць іх за праявы грамадзянскай актыўнасці.
Дарэчы, нядаўна былі распачатыя адміністрацыйныя справы супраць актывістаў БНФ ды іншых партыяў з Гродна, Лідчыны, Кобрына, якія бралі ўдзел ва ўшанаванні памяці паўстанцаў 1863 году ў Свіслачы.
Фота з сацыяльных сетак