Мінадукацыі прапануе ўвесці адпрацоўку для студэнтаў-платнікаў

Андрэй Іванец

Андрэй Іванец / soyuz.by

Міністэрства адукацыі лічыць, што студэнты-платнікі пасля навучання павінны адпрацоўваць. Пра гэта заявіў кіраўнік ведамства Андрэй Іванец на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі 21 верасня, перадае БЕЛТА.

Лукашэнка ўстурбаваўся тым, што з краіны з'язджаюць добрыя спецыялісты: "Мяне інфармуюць, што самыя-самыя прасунутыя, класныя спецыялісты з краіны з'язджаюць. Больш за тое, нейкая ў нас сістэма: скончыў ВНУ, не адпрацаваў і сышоў. Мы ж навучаем і рыхтуем у ССНУ, ВНУ спецыялістаў для сябе".

На гэта міністр заявіў, што ўсе студэнты-бюджэтнікі пасля заканчэння ВНУ абавязаныя адпрацаваць па размеркаванні і пераважная большасць так і робіць. "Ёсць адзінкавыя выпадкі, калі выпускнікі кампенсуюць затрачаныя дзяржавай сродкі на іх падрыхтоўку", — дадаў ён.

Пасля гэтага Іванец заявіў, што трэба ўвесці абавязковае размеркаванне і для платнікаў: "Сёння і бюджэтнік, і платнік, на нашу думку, павінен адпрацоўваць".

Раней Іванец заяўляў, што платнай адукацыі ў Беларусі няма і што яна фактычна з'яўляецца формай сацыяльнай падтрымкі моладзі. Гэтую ж думку ён паўтарыў і на сённяшняй нарадзе.

Цяпер адпрацоўка абавязковая для студэнтаў-бюджэтнікаў — два гады. Мэтавікі адпрацоўваюць не менш за пяць гадоў, але ў дамове можа быць прапісаны і большы тэрмін.

Лукашэнка прапанаваў павялічыць тэрмін адпрацоўкі, бо два гады, на яго думку, занадта мала.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі