Міністр адукацыі: магістратура — неабавязковая ступень адукацыі

Міністр адукацыі: магістратура — неабавязковая ступень адукацыі

Міністр адукацыі Ігар Карпенка падтрымлівае "закон аб адтэрміноўках", які сёння падпісаў Аляксандр Лукашэнка

Ён заявіў, што ў ВНУ плануецца пашырыць ільготы пры паступленні для тых, хто адслужыў у войску. "Сёння ёсць некаторыя прэферэнцыі пры паступленні ў навучальныя ўстановы для тых, хто адслужыў ва Узброеных Сілах. У наступным ільготы плануецца пашырыць", — прыводзіць яго словы БЕЛТА.

Сёння тыя, хто звольнены ў запас у год прыёму пасля вайсковай службы і мае рэкамендацыю вайсковай часці, могуць па-за конкурсам быць залічаныя на асобныя спецыяльнасці ў ВНУ Мінабароны і на ваенныя факультэты, а таксама ў іншыя сілавыя ВНУ. Плануецца пашырыць пералік ВНУ і спецыяльнасцяў, куды можна будзе паступаць па аналагічных умовах. 

Выпускнікі сістэмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі, якія пайшлі ў войска, а потым вырашылі паступаць у ВНУ, таксама атрымаюць шэраг ільготаў пры паступленні на завочнае аддзяленне — хутчэй за ўсё, іх будуць прымаць па-за конкурсам. 

Таксама Мінадукацыі ўнесла прапанову ў Жыллёвы кодэкс, каб навучэнцам ВНУ і ССНУ, якія адслужылі ў войску, права на інтэрнат давалі ў першую чаргу.

Нагадаем, што новы закон пакідае для навучэнцаў толькі адну адтэрміноўку ад войска. На думку Карпенкі, гэта не не ўшчамляе права на адукацыю і не паўплывае істотна на паступленне ў магістратуру і аспірантуру. 

"Давайце скажам шчыра: магістратура ніколі не насіла масавы характар ​​падрыхтоўкі кадраў. У гэтым годзе выпускаем каля 56 тысяч чалавек, якія завяршылі навучанне на I ступені вышэйшай адукацыі, а ў магістратуру на бюджэтную форму будзе набірацца усяго каля 3 тысяч. Гэта неабавязковая ступень адукацыі, яна арыентуе на навуковую, інавацыйную і навукова-педагагічную дзейнасць", — патлумачыў міністр. 

Ён упэўнены, што перапынак у навучанні можа пайсці на карысць: чалавек папрацуе, набярэцца практычнага вопыту, саспее да акадэмічнай дзейнасці.

Дарэчы, Мінадукацыі распрацоўвае новыя нормы аб сеткавай форме падрыхтоўкі спецыялістаў. Гэта дазволіць студэнтам, якія вучацца ў грамадзянскіх універсітэтах, дзе няма ваенных факультэтаў або кафедраў, праходзіць падрыхтоўку па такіх праграмах ў грамадзянскіх ВНУ, дзе такія факультэты або кафедры ёсць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі