Мінкульт — музыкам: Калі аўтар не валодае нотнай граматай, які ж ён прафесіянал?
Дапрацаваны праект Кодэкса “Аб культуры” прадставілі 30 сакавіка першы намеснік міністр культуры Ірына Дрыга, дэпутат парламента Наталля Кучынская і начальнік юрыдычнага аддзела Мінкульта Алена Вештарт. Дэпутатка хваліцца:
“Гэта першы такі комплексны дакумент аб культуры на постсавецкай прасторы і аналага такому дакументу ў свеце няма! І калі мы на 9-й сесіі разгледзім гэты дакумент у другім чытанні, гэта будзе добры наш заканатворчы падарунак Году культуры”.
Па словах Наталлі Кучынскай, пасля першага чытання ў парламенце праекта Кодэкса да яго з’явілася шмат пытанняў, было шмат прапаноў ад грамадзян і “зацікаўленых устаноў”, што туды яшчэ неабходна ўнесці. Да прыкладу, у праекце закладзеныя адказы на такія пытанні як: “Якім чынам вярнуць грошы за адменены спектакль?”, “Якія правы і абавязкі мае наведвальнік дыскатэкі?”, “Як супрацьстаяць чорным капальнікам?”, “Як атрымаць якасныя паслугі на сяле?” і гэтак далей.
Як і што закладзена на гэты конт у праекце Кодэкса, мы прааналізуем крыху пазней. А пакуль карыстаемся магчымасцю атрымаць удакладненні на самыя гарачыя і актуальныя тэмы. Да прыкладу, на пачатку дакумента прапісана, што “ў якасці аднаго з напрамкаў дзяржаўнай палітыкі прадугледжваецца захаванне і распаўсюджванне беларускай мовы”. Ці азначае гэта, што ў Кодэксе “Аб культуры” будуць закладзеныя нормы па папулярызацыі нацыянальнай мовы?
“Гэтае пытанне разглядаецца, — чамусьці пераходзіць у адказе з беларускай на рускую мову Наталля Кучынская. — Справа ў тым, што ў нас ёсць заканадаўства “Аб мовах” і яно рэгулюе акурат гэтыя пытанні. Зразумела, мы бачым, што беларуская мова — гэта частка нацыянальнай культуры і як гэтая частка… папулярызацыя… гэтыя моманты прапісваюцца. Ёсць шэраг палажэнняў, якія яшчэ будуць абмяркоўвацца на пасяджэнні працоўнай групы”.
Але найбольш абмяркоўваецца апошнім часам тэма пацвярджэння экспертнай камісіяй статусу творчага работніка тых творцаў, хто не з’яўляецца ўдзельнікам розных афіцыйных творчых саюзаў. Таму і скіроўваем пытанне да прадстаўніцы Мінкульта.
Еўрарадыё: Дзе гарантыя, што паважаныя эксперты з камісіі да такой ступені ў тэме сучасных накірункаў у музыцы ці мастацтве, каб вырашаць, вартыя яны статуса творчага работніка альбо не? І ці не стане падставай для адмовы тое, што, да прыкладу, Зміцер Вайцюшкевіч, знаходзіцца ў спісах забароненых музыкантаў?
Ірына Дрыга: Галоўны крытэрый — гэта прафесіяналізм і адпаведнасць прадстаўленых творчых работ тым патрабаваннем, якія заяўленыя ў заканадаўстве. І ніякімі там асаблівымі спісамі наша камісія не валодае і ў нашай працы імі не кіруецца. Усе дакументы, якія нам прадстаўляюцца, разглядаюцца па абсалютна аднолькавай працэдуры. Але выбачайце, Эдуард Зарыцкі, які прадстаўляе ў нашай камісіі Саюз кампазітараў, першае пытанне, якое задае людзям, якія прэтэндуюць як аўтары твора на атрыманне прафесійнага сертыфікату творчага работніка: ці можаце вы паказаць нотны запіс вашага твора, ці самі вы робіце гэтыя запісы? Ну, калі чалавек не вельмі валодае музычнай граматай, то прафесіяналізм яго даволі цяжка пацвердзіць…”
Тут днямі расійскі музыкант Юрый Лаза засумняваўся ў прафесіяналізме музыкантаў Led Zeppelin і The Rolling Stones, так што прэцэдэнты і ў нас магчымыя…
“Прыходзілі да нас музыканты, якія займаюцца альтэрнатыўнымі, клубнымі накірункамі музыкі, але калі адпавядалі ўсім крытэрыям, то чаму не? Эдуард Зарыцкі — наш слынны кампазітар-песеннік, намеснік старшыні Беларускага саюза кампазітараў, але ён прафесіяналізм і адпаведнасць прафесійным крытэрыям вызначае па вельмі дакладных параметрах”, — супакойвае намесніца міністра культуры.
Цікавімся, ці не збіраецца Мінкульт адмяняць такую практыку, як выдача “дазволаў-гастролек”, без якіх немагчыма правесці канцэрт.
“Пакуль з такімі прапановамі да нас ніхто не выходзіў. Тая сістэма, якая дзейнічае, даказала сваё права на жыццё, яна абараняе перш за ўсё інтарэсы гледачоў, таму пакуль такое пытанне мы не разглядаем”.
Фота Змітра Лукашука