Мінпрацы: Грамадзяне пагаджаюцца з павышэннем пенсійнага ўзросту

Мінпрацы: Грамадзяне пагаджаюцца з павышэннем пенсійнага ўзросту

Парадак выплаты пенсіі працуючым пенсіянерам застаецца ранейшым. Пра гэта паведаміў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў. Па словах чыноўніка, якія перадае БЕЛТА, пытанне аб змяненні парадку выплаты пенсіі працуючым пенсіянерам пакуль не разглядаецца.

Акрамя таго, намеснік міністра паведаміў, што насельніцтва Беларусі пагаджаецца з павышэннем пенсійнага ўзросту, а апытанні на сайтах на гэтую тэму з'яўляюцца нерэпрэзентатыўнымі.

"Любыя апытанні павінны адказваць патрабаванню рэпрэзентатыўнасці, гэта значыць, першапачаткова ахопліваць розныя сацыяльныя групы і ўзроставыя катэгорыі насельніцтва. Пагадзіцеся, што не ўсё насельніцтва рэспублікі можна аднесці да актыўных карыстальнікаў сеткі інтэрнэт, тым больш нейкіх асобных сайтаў", — патлумачыў Кавалькоў.

Па яго словах, меркаванне грамадзян наконт павышэння пенсійнага ўзросту вывучалася праз аналіз зваротаў (пісьмовых і электронных), публічныя і тэлефонныя апытанні, у працоўных калектывах, а таксама праз узаемадзеянне з грамадскімі і прафсаюзнымі арганізацыямі, праз сродкі масавай інфармацыі.

"Праведзеная тлумачальная праца, агучаныя довады на карысць прыняцця рашэння аб павышэнні пенсійнага ўзросту далі вынікі: хай не адразу, але ўсё ж грамадзяне згаджаліся з неабходнасцю прыняцця гэтага рашэння", — перадае БЕЛТА словы чыноўніка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі