Мінская міліцыя: Пакуль няма ніякай інфармацыі пра зніклыя на Дзень Волі дроны

Мінская міліцыя: Пакуль няма ніякай інфармацыі пра зніклыя на Дзень Волі дроны

Зніклыя дроны, якія луналі ў паветры ля Опернага тэатра 25 сакавіка, дагэтуль не знойдзеныя. Дакладна вядома, што квадракоптары “звялі” ў партала TUT.BY і тэлеканала “Белсат”. Арганізатары кажуць яшчэ пра некалькі прыватных дронаў, якія таксама зніклі без вестак.

“Ёсць правіла, дзе дроны можна пускаць, а дзе не. Пляцоўка каля тэатра не ўваходзіць у лік забароненых для палётаў. Мы запускалі дрон перад пачаткам канцэрта, — распавядае прадстаўнік тэлеканала “Белсат” у Беларусі Аляксей Мінчонак. — Усё прайшло нармальна. Да арганізатараў падышлі супрацоўнікі міліцыі, папрасілі, каб мы перапісалі дадзеныя дрона. Яны ведалі, што дрон будзе запускацца. Падчас канцэрта дрон узляцеў, падняўся на колькі метраў і паляцеў ужо ў сваім кірунку. Аператар страціў над ім кантроль. Пабачыўшы гэта, ён падышоў да супрацоўніка ДАІ, паведаміў, што здарылася такая сітуацыя і што гэта можа быць небяспечна. Супрацоўнік ДАІ звязаўся па рацыі з сваім начальствам, на што яму было сказана, што яго задача — арганізацыя бяспекі дарожнага руху і каб не лез не ў сваю справу. Гэта дае падставу сцвярджаць, што да гісторыі маюць дачыненне праваахоўныя органы. Ну і тэхнічныя магчымасці ўмяшацца наўрад ці былі ў кагосьці іншага, акрамя іх”.

Журналісты звярталіся ў міліцыю. Спачатку іх накіравалі ў адно РУУС, пасля — у другое, а затым прапанавалі напісаць заяву пра крадзеж.

“Пакуль ніякай інфармацыі няма. Калі будзе, то ўся яна з’явіцца на афіцыйным сайце ГУУС”, — коратка адказала прадстаўніца ГУУС Мінгарвыканкама Наталля Ганусевіч.

Арганізатары мерапрыемства выступілі з адмысловай заявай.

“25 сакавіка, у дзень мерапрыемства, прыкладна ў 13.30 на бэкстэйдж падышоў супрацоўнік сілавых структур у цывільным, якога цікавілі беспілотныя апараты над пляцоўкай, — напісаў Антон Матолька. — У мяне былі ўсе дадзеныя, я з ім сустрэўся, папрасіў пасведчанне, але (мая віна) не прачытаў уважліва прозвішча, імя і дзе канкрэтна працуе. Для бяспекі пакінуў усе свае кантакты, уключаючы тэлефон і хатні адрас, а таксама перадаў кантакты людзей, якія павінныя былі кіраваць квадрокоптарамі для экстранай сувязі ў непрадбачаных абставінах. Праз гадзіну пачалі паступаць паведамленні пра тое, што СМІ "губляюць" свае беспілотнікі. Я спрабаваў знайсці супрацоўніка, з якім гаварыў да пачатку мерапрыемства. Аднак ніхто з супрацоўнікаў, якія прысутнічалі на пляцоўцы, у тым ліку кіраўніцтва МУС, не змог сказаць, да каго звярнуцца. Адзінае, што было сказана на самой пляцоўцы, — што гэта дакладна не ГУУС. Магчыма, Альфа (гэта КДБ, што таксама дзіўна) альбо падраздзяленне МУС, нядаўна створанае для працы з беспілотнікамі на масавых мерапрыемствах і не толькі. Паводле апошніх дадзеных, дачыненне да гісторыі з беспілотнікамі можа мець Служба бяспекі прэзідэнта (аднак калі я падыходзіў да аднаго з супрацоўнікаў СБП, яны зрабілі выгляд, што не ведаюць, пра што гаворка)”.

 

Антон таксама дадаў, што ўладальнікі апаратаў плануюць пісаць заяву ў пракуратуру.

Між тым адной рэдакцыі ўдалося ўратаваць сваю тэхніку. Дрон Радыё Свабода таксама спрабавалі сагнаць. Спачатку квадракоптар перастаў бачыць спадарожнікі і адправіўся ў некіраваны палёт. Пазней гаспадар беспілотнага апарата здолеў аднавіць кіраванне над ім і вярнуць на базу. Увесь палёт зафіксаваны на відэа.

 

Раней беларускія канструктары прадэманстравалі новую супрацьдронавую вінтоўку. Зброя прызначаная для “глушэння” або поўнага вываду з ладу мініяцюрных разведвальных беспілотнікаў, а таксама розных камерцыйных мульцікоптараў. Вінтоўка была прадстаўленая беларускім канструктарскім бюро “Радар”. Яна здольная “глушыць” спадарожнікавыя сігналы.

Хто скраў дроны ў Мінску 25 сакавіка? Слухаць падкаст - Еўразум ад 16'06''

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі