Намінанты на Experty.by: ад “Крамбамбулі” да Shuma
Сайт Experty.by абвесіў 12 намінантаў штогадовай прэміі, якая вызначае лепшыя альбомы, выдадзеныя за год у Беларусі. Сярод гуртоў, чые альбомы высока ацанілі беларускія музычныя журналісты, замежныя крытыкі і карыстальнікі сайту Experty.by, “Крамбамбуля”, “Кассиопея”, Re1ikt, NABR, Shuma, “Серебряная Свадьба”, Super Besse і іншыя.
“Год быў вельмі багатым на якасныя рэлізы – усе вартыя ўвагі працы нават тэарэтычна не маглі змясціцца ў намінанты. Дастаткова прыгадаць альбомы Brutto, Змітра Вайцюшкевіча, Nizkiz, "J:морс", Neuro Dubel і шмат каго яшчэ. Але такая канкурэнцыя ідзе толькі на карысць беларускай музыцы”, – лічыць кіраўнік праекта Experty.by Зміцер Безкаравайны.
Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў восьмай па ліку музычнай прэміі Experty.by пройдзе 16 сакавіка ў закрытым фармаце. Уладальнік узнагароды ў намінацыі "Альбом года" атрымае галоўны прыз – рэкламна-інфармацыйную падтрымку сольнага канцэрта ад інтэрнэт-аператара "Атлант Тэлекам". У мінулыя гады сярод пераможцаў узнагарод былі Port Mone, Pukstband, "Троіца", "Серебряная свадьба", Зміцер Вайцюшкевіч, The Toobes, "Ляпис Трубецкой" і іншыя артысты.