Навошта ў цэнтры Кіева працягвае стаяць Майдан?
“У хлопцаў на вайне не хапае бронекамізэлек, а гэтыя тут, у цэнтры Кіева, перад турыстамі ў іх красуюцца!”
У калег-журналістаў, з якімі мне давялося сустрэцца адразу па прылёце ў Кіеў, стаўленне да сённяшняга Майдану скептычнае. Адразу зазначу: усе яны “прайшлі” Майдан, і сёння — частыя “госці” ў зоне антытэрарыстычнай аперацыі.
Галоўны рэдактар сайта http://crime.in.ua/ Наталка Васютын сёння шмат робіць для забеспячэння байцоў АТА бронекамізэлькамі, цеплавізарамі ды іншай “амуніцыяй”. Гаворачы пра цяперашніх жыхароў Майдану, абураецца:
“У хлопцаў на вайне не хапае бронекамізэлек, а гэтыя тут, у цэнтры Кіева, перад турыстамі ў іх красуюцца! Навошта яна табе тут, скажы? У цябе тут што, страляюць, як у тых хлопцаў?! Няхай яна ў цябе можа і храновая, тая камізэлька, але там часам ніякай няма!”
І адмаўляецца туды са мной ісці. Баіцца не стрымацца і выказаць усё гэта сённяшнім “майданаўцам”. Суправаджаць пагаджаецца журналістка “Украінскай праўды” Аксана Каваленка. Праўда, з адной умовай:
“Толькі давай да таго, як стане цёмна, выйдзем адтуль, бо побач з тымі, хто там цяпер боўтаецца, я сябе няўтульна адчуваю — неяк страшнавата…”
І гэта дзяўчына, якая ўжо не адзін раз была ў зоне АТА, начавала ў намёце на перадавой з салдатамі Нацгвардыі і аднойчы трапіла ў рэдакцыйнай машыне пад мінамётны абстрэл сепаратыстаў!
На Майдане шмат турыстаў. Намётаў, надзіва, таксама засталося шмат. Паўсюль прадаюць “залатыя батоны”, жоўта-блакітныя стужачкі, іншыя сувеніры. Ляжаць шыны, парваныя мяхі з напалову высыпаным пяском, вырваны з тратуараў брук. На “Алеі Нябеснай сотні” — партрэты забітых “майданаўцаў”, кветкі і знічкі. На невялічкай сцэне побач з Майданам невядомыя музыкі спяваюць Цоя. Жыхары паслярэвалюцыйнага Майдану з засяроджаным выглядам, але, як падаецца, бессэнсоўна пераходзяць з намёта ў намёт. Побач у летніх кавярнях людзі п’юць каву, ратуюцца ад спёкі марозівам. Усё разам стварае даволі цяжкае ўражанне.
Нечакана ля аднаго з намётаў па адмысловай сімволіцы пазнаю землякоў-беларусаў. Першы — Алег, хлопец на выгляд крыху за 20 гадоў, другі — Аляксандр, мужчына за 50. Размова, як і сам Майдан, пакідае шмат пытанняў.
Еўрарадыё: Ці даўно ты на Майдане?
Алег: Я тут ужо трэці раз. Першы раз прыехаў на Новы год і быў тут з 31 снежня па 2 студзеня. Тады прыехаў проста для таго, каб адчуць атмасферу свабоды і пабачыць тое, чаго ніколі не было ў Беларусі. Другі раз ехаў на адзін дзень — 19 студзеня. Але так атрымалася, што ўжо 19 студзеня схадзіў з акцыяй на Банкавую вуліцу, потым на Майдане пачалося Веча, потым — вуліца Грушэўскага, і пачаліся розныя цікавыя падзеі…
Еўрарадыё: Што ты маеш на ўвазе пад “рознымі цікавымі падзеямі”?
Алег: Ну, калі пасля падзей 19 студзеня на Грушэўскага пачалі казаць, што “Беркут” будзе штурмаваць Майдан. Але спачатку “Беркут” толькі папалохаў, пашыхтаваўшыся на Інстытуцкай, а праз гадзіну прыйшлі “цітушкі”. Ну, такія вось цікавосткі розныя…
Еўрарадыё: На Майдане ў кожнага была свая функцыя: хтосьці “кактэйлі Молатава” кідаў, хтосьці іх рыхтаваў, хтосьці боршч варыў. Ты чым займаўся?
Алег: І тым, і тым. Удзельнічаў у баях, будаваў барыкады… Усяго патроху.
Еўрарадыё: Што падштурхнула памяркоўнага, як лічыцца, беларуса ўзяцца за камяні і кактэйлі?
Алег: Шчыра скажу, да 20 студзеня я не быў прыхільнікам радыкальных дзеянняў. Пакуль не пабачыў, як баец “Беркута” вырубіў карэспандэнта РЕН-ТВ. Той стаяў за метр ад мяне, і яму “беркутавец” кінуў гранату проста пад ногі. Карэспандэнт упаў і страціў прытомнасць, а мы яго падхапілі і панеслі да медыкаў. З гэтага моманту і я стаў больш радыкальным. Трэба, каб настаў нейкі такі момант, пасля якога людзі ператворацца з рамантыкаў у радыкалаў.
Еўрарадыё: На радзіме ты ў акцыях пратэсту браў удзел, быў на Плошчы-2010?
Алег: Не, актыўна ўдзельнічаць я пачаў у 2011 годзе — “маўклівыя пратэсты”, Народныя сходы, Дзень Волі, Чарнобыльскі шлях, адзін раз, у Гомелі ў 2012 годзе, быў затрыманы за раскідванне ўлётак.
Еўрарадыё: Аляксандр, вы чалавек сталага ўзросту — што вас прывяло на Майдан і ці даўно вы тут?
Аляксандр: З 15 снежня. Прыйшоў на Майдан, каб дапамагчы ўкраінскаму народу. Ва Украіне я ў эміграцыі пасля Плошчы 2010 года — быў яе ўдзельнікам. Вы ж ведаеце, як там і што адбывалася, як аператары здавалі нас, як потым пачаліся чысткі. У мяне быў свой бізнес у Жодзіне, але пасля гэтага ад яго нічога не засталося.
Еўрарадыё: Майдан перамог, але працягвае стаяць — ці патрэбны ён цяпер, у чым яго функцыя?
Алег: Патрэбны ён і цяпер. А функцыя Майдана — кантроль улады. Да таго моманту, пакуль не будзе праведзеная люстрацыя, пакуль усе тыя, хто быў ва ўладзе за Януковічам, не сыдуць са сваіх пасад. Альбо калі над імі не будзе праведзены суд, калі яны здзяйснялі нейкія злачынствы. Наперадзе парламенцкія выбары… Таму трэба, каб Майдан стаяў.
Аляксандр: Я лічу, што Майдан да канца сваёй функцыі не выканаў. Адбылася толькі буржуазная рэвалюцыя — да ўлады прыйшлі алігархі ва ўсіх структурах. Я ж як былы бізнесмен лічу, што да ўлады павінен прыйсці сярэдні клас. Наперадзе яшчэ сацыяльная рэвалюцыя.
Еўрарадыё: Пра сённяшні Майдан кажуць, што тут цяпер тусуюцца бамжы, алкаголікі ды іншыя лайдакі, якія ні працаваць, ні ваяваць не хочуць…
Аляксандр: Калі б не на мікрафон, то я б сказаў простымі словамі свой адказ на гэта!.. Калі мякка, то скажу так: калі вы бачыце тут нейкіх бамжоў, нецвярозых і гэтак далей, то ведайце — гэта не Майдан. Гэта людзі, якія з’явіліся тут пасля сумнавядомых падзей, яны пачалі сюды з’язджацца. А якім шляхам — гэта вядома толькі новай уладзе Украіны. Майдан іх таксама не вітае.
Еўрарадыё: І што, сапраўдныя майданаўцы, калі такія тут засталіся, не могуць гэтых прыблудных шугануць, каб яны іх не ганьбілі?
Аляксандр: Ну, як вам сказаць… Ну… спецсужбы… Гэта можна зрабіць, але цяпер вайна, і проста не да гэтага. Іх проста ігнаруюць. Ёсць свае, ёсць упэўненасць, а іх проста ігнаруюць. Маўляў, забярыце іх сабе! Вы іх сюды прывезлі, вы і забярыце адсюль!
Еўрарадыё: Вы намякаеце, што гэтых людзей сюды падвезлі новыя ўлады?
Аляксандр: Так яно і ёсць. А сярод кіяўлян праз сродкі масавай інфармацыі нагнятаецца гэтая тэма: што Майдан не той, што сапраўдныя актывісты паехалі альбо ваяваць, альбо дадому — араць-сеяць. Але гэта ўсё штучнае нагнятанне.
Еўрарадыё: Ці плануеце вы вяртацца на радзіму?
Алег: Планую. У 2015 годзе толькі — калі раптам там будуць нейкія змены. Да гэтага моманту наўрад ці… А каб яны пачаліся, у Беларусі для пачатку трэба абрубіць расійскія тэлеканалы. З іх усе ведаюць, што тут усе фашысты ды бандэраўцы, якія забіваюць.
Аляксандр: А я да выбараў у Беларусі стаўлюся вельмі скептычна. Апазіцыя ізноў гуляе ў нейкага адзінага — мабыць, ізноў выбівае сабе нейкія гранты. Не, толькі поўны байкот!
Што будзе рабіць Алег да 2015 года ва Украіне, ён так уцямна і не адказаў. Як не здолелі суразмоўцы і распісаць па хвілінах свой “пратэстны” дзень — расказаць, чым канкрэтна займаюцца цягам дня. Астатнія “жыхары” пострэвалюцыйнага Майдану на пытанне пра прычыны працягу яго зомбіпадобнага існавання адказвалі штампамі: “Не час Майдану разыходзіцца”, “Майдан сваёй ролі не выканаў”, “Уладу трэба кантраляваць” і гэтак далей.
Ёсць і ў гэтага Майдану свой камендант. Праўда, сустрэцца з ім у панядзелак вечарам мне не выпадае: “Ён цяпер на Радзе — сабраліся сотнікі, і ў іх Рада”. Што яны на той Радзе могуць абмяркоўваць, “баец” у бронекамізэльцы не змог адказаць. А на пытанне, навошта яму тут і цяпер гэтая бронекамізэлька, паглядзеў на мяне… неяк спачувальна нават…
Фота: Змітра Лукашука