Новы прэм'ер-міністр Беларусі — Раман Галоўчанка
Аляксандр Лукашэнка прызначыў новага прэм'ер-міністра. Ім стаў Раман Галоўчанка. Яму 46 гадоў. З лета мінулага года ён працаваў старшынём Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Беларусі.
Галоўчанка скончыў Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносін МЗС РФ, спецыяльнасць — "міжнародныя адносіны" (у 1996 годзе), Акадэмію кіравання пры прэзідэнце Беларусі, спецыяльнасць — "эканоміка і кіраванне знешнеэканамічнай дзейнасцю" (у 2003-м). Мае дыпламатычны ранг надзвычайнага і паўнамоцнага пасла (з красавіка 2018 года).
Галоўчанка працаваў галоўным спецыялістам Дзяржсакратарыяту Саўбеза (1997-2002), намеснікам начальніка аддзела Генпракуратуры (2002-2005), галоўным дарадцам упраўлення знешняй палітыкі Адміністрацыі прэзідэнта (2005-2006). Пасля зноў вярнуўся ў Саўбез, быў тры гады галоўным дарадцам аддзела супрацоўніцтва ў сферы міжнароднай бяспекі. У 2009-м Галоўчанка працаваў дарадцам-пасланнікам беларускай амбасады ў Польшчы. У 2009-2013 гадах быў першым намеснікам старшыні Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Беларусі, у 2013-2018 гадах — паслом Беларусі ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах, а па сумяшчальніцтве — у Катары, Кувейце і ў Саудаўскай Аравіі.
Раман Галоўчанка жанаты, мае сына і двух дачок.
Сяргей Румас быў прэм'ерам з лета 2018 года. Па словах Лукашэнкі, ён сыходзіць у бізнес.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.