"Падпісаўся за Бабарыку": доктар Максім Ачарэтні — пра звальненне

Максім Ачарэтні / Еўрарадыё
Максім Ачарэтні / Еўрарадыё

30 красавіка стала вядома пра звальненне галоўнага доктара 3-й дзіцячай бальніцы Мінска Максіма Ачарэтняга. У каментары Еўрарадыё Ачарэтні сказаў, што прычынай звальнення стаў ягоны подпіс за Віктара Бабарыку ў час перадвыбарнай кампаніі:

"Адміністрацыя растлумачыла, што вырашана не працягваць са мной працоўныя адносіны. Асноўная прычына — гэта тое, што я падпісаўся за Бабарыку — яны прасачылі па нумары пашпарта. І наколькі я ведаю, яшчэ некалькі галоўных дактароў звольненыя з гэтай самай прычыны. Акрамя таго, я ўзяў на працу звольненых раней Рустама Айзатуліна і Андрэя Вітушку".

Высокакваліфікаваныя спецыялісты Рустам Айзатулін і Андрэй Вітушка былі звольненыя з працы зімой праз грамадзянскую пазіцыю. У знак салідарнасці з Максімам Ачарэтнім з 3-й бальніцы пайшоў і Айзатулін. Цяпер Ачарэтні збіраецца шукаць працу. Доктар не выключае пераезду ў іншую краіну. Па яго словах, звальненне яго не засмуціла — ён быў да яго гатовы.

"А што рабіць? Як жыць? А што, лекары не патрэбныя? А што, хіба ў нас няма больш як 6000 вакансій? Я б не сцвярджаў, што засмуціўся, трэба проста сваё жыццё цяпер мяняць", — кажа Ачарэтні. Паводле яго слоў, калектыў піша ліст у Мінздароўя з просьбай не звальняць галоўнага доктара. Пацыенты шлюць доктару словы падтрымкі і ўдзячнасці.

Максім Ачарэтні — вядомы анестэзіёлаг-рэаніматолаг. У першую хвалю COVID-19 менавіта ён запусціў флэшмоб "Я буду на працы. Будзьце, калі ласка, дома". Гэту акцыю падтрымалі іншыя лекары. На той час беларускія ўлады адмаўлялі шырокае распаўсюджанне захворвання ў краіне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі