Падрабязнасці "цукровай справы" ад БТ: іх прыкрываў былы змагар з бандытамі
![Падрабязнасці "цукровай справы" ад БТ: іх прыкрываў былы змагар з бандытамі](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/cukar-0402.jpg.webp?itok=hISzmHzA)
Увечары 4 лютага на тэлеканале "Беларусь 1" паказалі сюжэт "Цукровая мафія", прысвечаны скандальным арыштам дырэктараў чатырох беларускіх цукровых заводаў.
У журналісцкім расследаванні, якое зрабіў Андрэй Крывашэеў (цяпер — кіраўнік афіцыйнага Беларускага саюза журналістаў), распавядаецца, быццам дырэктары цукровых заводаў Беларусі па заніжаных коштах прадавалі цукар у Расію праз Беларускую цукровую кампанію. Там камерцыйныя структуры перакуплялі тавар, даючы хабар. Атрыманыя грошы, маўляў, дзялілі паміж сабой дырэктары. Хаця прыбытак складаў па тры цэнты з кожнага меха цукру, сумы хабару ў год налічваліся сотнямі тысяч долараў.
Для сваёй выгады дырэктары заводаў, як паведамляецца, пабудавалі завод "Еўратарэкс". Ён стаў манапалістам па вырабе ўпакоўкі для цукру.
У сюжэце паказалі аператыўныя здымкі. Як расказаў начальнік аддзела следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак, на іх бачна, як расійскі камерсант дае хабар у 20 тысяч долараў дырэктару Жабінкаўскага завода.
Згадалі ў сюжэце і нядаўняе затрыманне былога начальніка ўпраўлення ГУБАЗіК Уладзіміра Ціхіні, які ў 1990-я праславіўся як змагар з арганізаванай злачыннасцю і карупцыянерамі. Паводле інфармацыі, агучанай па БТ, Ціхіня прыкрываў так званую "цукровую мафію": паведамляў, хто вядзе супраць іх справы, даваў парады па канспірацыі, закрываў унутраныя расследаванні. Акрамя таго, Ціхіня нібыта не дазволіў заняць пасаду дырэктара Белдзяржхарчпрама няўгоднаму чалавеку, які прыкрыў бы дзейнасць "цукровай мафіі".
![Падрабязнасці "цукровай справы" ад БТ: іх прыкрываў былы змагар з бандытамі](/sites/default/files/paragraphs/image/cukar-0402-2.jpg)
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.