ФК "Слуцк" пачаў збіраць грошы і спадзяецца на падтрымку з усяго свету
![ФК "Слуцк" пачаў збіраць грошы і спадзяецца на падтрымку з усяго свету](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/2020-03-24t164039z_1280191032_rc2gqf9d4vwu_rtrmadp_3_health-coronavirus-dollar-explainer.jpg.webp?itok=5DSUaKiV)
Футбольны клуб "Слуцк" пачаў збіраць грошы і спадзяецца на падтрымку з усяго свету. "Нам патрэбна ваша падтрымка", — такія словы можна пабачыць на яго афіцыйным сайце.
"У сітуацыі, якая склалася, клубам прынятае рашэнне пра пачатак працэдуры краўдфандынгу, у якім могуць паўдзельнічаць заўзятары з усяго свету", — паведамляе прэс-служба "Слуцка". У клубе спадзяюцца, што гэтыя грошы дапамогуць яму "перажыць часовыя цяжкасці і рухацца далей". Пры гэтым будзе працягвацца і пошук спонсараў.
Як вядома, праблемы ў каманды пачаліся пасля гучных затрыманняў дырэктароў цукровых заводаў. Слуцкае прадпрыемства якраз было яе галоўным спонсарам.
Чэмпіянат Беларусі цяпер паказваюць і ў замежжы, таму ФК "Слуцк" спадзяецца знайсці падтрымку і там. А за яе абяцае дасылаць падарункі. Бліжэйшы матч каманда правядзе 5 красавіка ў гасцях з "Іслаччу".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.