Паэт Андрэй Хадановіч апублікаваў новы калядны верш
Андрэй Хадановіч / Еўрарадыё
Беларускі паэт Андрэй Хадановіч апублікаваў на Раство свой новы калядны верш.
Зорка ляцела празь ціхую ноч у бяссоньні.
Нехта казаў, самалёт пралятае ўгары –
тры пасажыры ў салоне і кожны ў кароне,
у чамаданах дары і ў кішэнях дары.
Зорка ўзышла. Прывітаньне, любімы паэце!
Тры пасажыры ў салоне сьпяваюць утрох
песьню аб тым, як у нашым скалечаным сьвеце
сьнег пачынаецца і нараджаецца Бог.
Песьню аб тым, колькі сэрцаў на мроі наколата,
колькі надзеяў ня споўніць ніякім Калядам.
Песьню аб новых дарах, бо маўчаньне – ня золата
й дыхае сьвет, дзе камандуюць “сьмірна”, на ладан.
…Бог нараджаецца. Зь першага сьнегу ў падворку
дзеці зьляпілі калыску, авечку й вала.
Людзі ў разлуцы глядзяць на калядную зорку,
нібы ў паветры будуюць масты са сьвятла.
Глянь іншы раз на яе – і сустрэнеш Каляды
там, дзе збываюцца словы сьвяточных прамоў.
Зорка, што ўсіх заблуканых зьбірае пагляды
ў кропцы, якая пакажа дарогу дамоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.