Паказаў, хто такі беларус. Тры факты, чаму Янка Купала — наша ўсё
Купала натхняе і нагадвае беларусам пра годнасць ужо больш за стагоддзе / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
81 год таму, 28 чэрвеня 1942 года памёр народны паэт Беларусі Янка Купала (сапраўднае імя Іван Дамінікавіч Луцэвіч). Яго нацыянальна-патрыятычныя творы не губляюць актуальнасці праз сто гадоў і, безумоўна, Купала — адзін з самых таленавіных беларускіх паэтаў.
Чаму Янка Купала — наша ўсё, і чаму яго смерць дасюль выглядае падазрона, Еўрарадыё распавядае даследчык беларускай літаратуры, выкладчык, драматург і сцэнарыст Васіль Дранько-Майсюк.
1. “Яго творчасць, якая заўсёды патрэбная”
— У дзясятыя гады [XX стагоддзя. — Еўрарадыё] Янка Купала склаў шэраг нацыястваральных вершаў, дзе заклікаў беларусаў паўстаць, выйсці, людзьмі звацца, не быць скотам. І многія з яго вершаў гучаць сёння, калі людзі выходзяць і пратэстуюць. І ніхто ж спецыяльна не прымушае вучыць гэтыя вершы. Яны нібы генетычна ёсць у крыві, — кажа Дранько-Майсюк. — Купала — адзін з самых энергетычна моцных нашых паэтаў. Пры тым я не кажу, што ён самы тонкі, самы выдатны. Былі паэты, як Уладзімір Дубоўка ці Максім Багдановіч, у якіх у эстэтычным сэнсе былі большыя тонкасці.
Але Купала — гэта паэт максімальнай экспрэсіі, і гэтая экспрэсія не разбуральная, а нацыястваральная. Таму першы факт — гэта яго творчасць, якая заўсёды навідавоку, заўсёды патрэбная.
2. Паказаў беларусам, якія яны
Канешне, Купала хацеў, каб беларусы зваліся людзьмі.
— Таму ён паказаў, хто ёсць беларус на сёння і кім не трэба быць. Я кажу пра п’есу “Тутэйшыя”, якую ён напісаў у 1922 годзе. Дзе ён паказаў, што на вялікі жаль, большасць з нас — гэта ўсё ж тыя, хто імкнуцца прыстасавацца да пануючай улады, не задумваюцца пра тое, хто яны і што яны. Ён гэта адлюстраваў выдатна, выразна, і даў гэтаму найменне: “тутэйшыя”. Таму другі момант — ён мог цудоўна паказаць, хто мы ёсць, кім мы павінны быць далей.
3. Крэатыўны і нязломны
Нават у часы таталітарызму Купала здолеў захаваць сябе, хоць камусьці памылкова можа падацца, што гэта не так, падкрэслівае суразмоўца.
— Янка Купала выдатна, вельмі тонка паказаў, што ён нязломны. Калі ты апынаешся ў закладніках сістэмы, альбо ты і твае родныя павінны загінуць, альбо ты складаеш вершы, якія ад цябе патрабуе сістэма.
Шлях Купалы сапраўды быў няпросты. За яго нацыянальную арыентаванасць савецкая цэнзура забараніла вялізарную колькасць яго вершаў. Ёсць версія, што смерць Янкі Купалы таксама была з гэтым звязаная. Ён упаў у лесвічны пралёт паміж 9-м і 10-м паверхамі гасцініцы “Масква”.
— Версій некалькі. Першая — яго забілі спецслубжбы, і яе шмат хто прытрымліваецца. Другая, што ён скончыў жыццё самагубствам, і доўга гэтая версія была амаль афіцыйнай. І трэцяя, што гэты быў няшчасны выпадак. Нібы ён заляцаўся да нейкай дзяўчыны, якая была ў гэтай гасцініцы, і ён упаў.
Васіль Дранько-Майсюк адзначае, што трэцяя версія — найменш папулярная, а над астатнімі дзвюма можна паразважаць. З аднаго боку, Янка Купала часцяком казаў пра самагубства. У 1930-м ён зрабіў сабе харакіры, калі на яго ціснулі ўлады. Яго ледзь выратавалі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.