Рада БНР узнагародзіла беларускіх добраахвотнікаў, Пазняка, Бяляцкага
Медаль Рады БНР
У 106-ю гадавіну абвяшчэння незалежнасці Беларусі Рада БНР узнагародзіла шэраг нацыянальных дзеячаў за заслугі перад народам. Адпаведныя дэкрэты падпісала старшыня Рады Івонка Сурвіла.
Упершыню з 1950 года адбылося ўзнагароджанне тытуламі кавалера Ордэна Пагоні з наданнем адзнакі Крыжа Ордэна Пагоні. Імі адзначаныя палітык Зянон Пазняк, праваабаронца Алесь Бяляцкі (лаўрэат Нобелеўскай прэміі міра і цяперашні палітвязень), а таксама два палітвязні, чые імёны не паведамляюцца дзеля іх бяспекі. "Гэтай жа ўзнагародай адзначаныя два рэлігійныя і духоўныя лідары нацыянальнага маштабу, чые імёны пакуль не апублічваюцца", — паведамляе Рада БНР.
Медалём Ордэна Пагоні адзначаныя:
— ваяр і вайсковы арганізатар у батальёне "Волат" з дадатковай вайсковаю адзнакаю і адзнакаю за мужнасць,
— дырэктар "Беларускага дому" ў Варшаве Алесь Зарамбюк,
— намеснік камандзіра палка імя Кастуся Каліноўскага Вадзім Кабанчук (з дадатковай вайсковаю адзнакаю),
— куратарка кніжнай калекцыі Бібліятэкі імя Скарыны ў Лондане Караліна Мацкевіч,
— камандзір палка імя Кастуся Каліноўскага Дзяніс Прохараў (з дадатковай вайсковаю адзнакаю),
— дзеяч Згуртавання Беларусаў Вялікай Брытаніі і адзін з кіраўнікоў Беларускага дабрачыннага фонду Сяргей Пяткевіч,
— удзельніца нацыянальнага руху пачатку 1980-х і непадцэнзурнага друку, журналістка Алена Радкевіч,
— сустрашыня руху салідарнасці "Разам" Алена Талстая,
— брытанскі навуковец Алан Флаўэрс,
— грамадскі актывіст, які шмат зрабіў у галіне дабрачыннасці, медык Сяргей Юрчанка (Чэхія).
Медалём Ордэна Пагоні былі адзначаныя грамадскія дзеячы — за ўнёсак у беларускую культуру:
— аўтарка падручнікаў па беларускай мове для 1-6 клясаў, беластоцкая настаўніца Аліна Ваўранюк,
— заснавальнік інтэрнэт-бібліятэкі і кіраўнік беластоцкага Фонду Kamunikat.org Яраслаў Іванюк,
— паэт Андрэй Хадановіч.
Акрамя таго закрытым дэкрэтам старшыня Рады БНР узнагародзіла медалём "За баявыя заслугі" трох афіцэраў і 14 байцоў палка імя Каліноўскага, аднаго афіцэра і 11 байцоў батальёна "Волат", а таксама аднаго байца асобнай десантна-штурмавой роты "Беларусь" у складзе адной з брыгад Узброеных Сілаў Украіны.
Паведамляецца таксама, што аднаму з вайсковых арганізатараў, раней узнагароджанаму Медалём Ордэна Пагоні, надалі дадатковую вайсковую адзнаку.
Раней рэжым Лукашэнкі прызнаў узнагароды Рады БНР "экстрэмісцкімі матэрыяламі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.