Палітыку-дэмакрату Аляксандру Дабравольскаму споўнілася 55 гадоў
Дырэктар Усходнееўрапейскай Школы палітычных даследаванняў і сябра палітрады Аб’яднанай грамадзянскай партыі святкуе юбілей 23 лістапада.
Аляксандр Дабравольскі нарадзіўся на Стаўбцоўшчыне, скончыў радыёфізічны факультэт, а пасля і юрыдычны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Сваю палітычную кар’еру пачаў у 1989 годзе, калі быў абраны народным дэпутатам СССР па тэрытарыяльнай акрузе ў Мінску. У 1990 годзе быў адным з заснавальнікаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі — першай афіцыйна зарэгістраванай у Беларусі партыі. Ён таксама сузаснавальнік НІСЭПД.
Дабравольскі быў дэпутатам Вярхоўнага Савета 13-га склікання і ўваходзіў у групу дэпутатаў, якая ініцыявала імпічмент Аляксандру Лукашэнку. Цягам дзевяці гадоў быў намеснікам старшыні АГП, потым — сябрам палітрады партыі. Цяпер узначальвае Усходнееўрапейскую Школу палітычных даследаванняў.
Палітык жанаты і мае дарослых сына і дачку. Яго хобі — электроніка, музыка, турызм і горныя лыжы.