Палітзняволеная журналістка Кацярына Андрэева даслала з-за кратаў шчымлівы верш
Палітзняволеная журналістка Кацярына Андрэева даслала на волю шчымлівы верш. Яго апублікаваў у Фэйсбуку яе муж Ігар Ільяш.
Па словах Ігара, верш быў напісаны яшчэ ўзімку. "Звычайна яна просіць іх нікому не паказваць, але гэты я вырашыў усё ж апублікаваць", — дадае ён.
Над белым полем —
Зімовым морам
У цішыні
І сярод турбот
Над маім шчасцем
І маім болем
Каторы месяц,
Які ўжо год
Ляціць, трымціць,
Нявымаўна ззяе
На чорнай коўдры
Родных нябёс
Мая самотная
І нямая
Мая адзіная
Зорка-лёс.
Я ёй малюся, яе
Баюся
Яе спрабую
Не заўважаць.
А прыйдзе час —
Назаўжды спынюся
Пад зорным позіркам
Спачываць.
Пакуль блукаю
Глухою сцежкай
Дзе звер пакінуў
Свае сляды
Ужо не страшна,
Ужо не смешна
Ужо ніякай
Няма бяды
У тым што сціхлі
Навокал песні
А замест песняў —
Хрусцяць хрыбты.
У любым краі,
Дзе напрадвесні
У вакно астрогу
Мне ззяеш Ты.
Журналістак "Белсата" Кацярыну Андрэеву і Дар'ю Чульцову асудзілі за стрым з акцыі памяці забітага Рамана Бандарэнкі на "Плошчы Перамен". У верасні 2022-га дзяўчаты павінны былі выйсці на волю. Аднак у красавіку стала вядома, што на Андрэеву пачалі крымінальную справу па абвінавачанні ў здрадзе дзяржаве.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.