Партыя БНФ прызначыла дату з'езда для вылучэння кандыдатаў у дэпутаты

Партыя БНФ прызначыла дату з'езда для вылучэння кандыдатаў у дэпутаты

Пазачарговы з'езд Партыі БНФ адбудзецца 23 ліпеня. Адпаведнае рашэнне было прынята 14 траўня на пасяджэнні сойма арганізацыі. З'езд склікаецца з мэтай вылучэння кандыдатаў у дэпутаты на парламенцкія выбары, якія адбудуцца не пазней за 11 верасня, інфармуе БелаПАН.

Адзначым, што Партыя БНФ раней прыняла рашэнне ісці на выбары са сваім спісам кандыдатаў у дэпутаты і ўласным пасланнем.

У зацверджанай перадвыбарчай платформе адзначаецца, што кандыдаты Партыі БНФ на парламенцкіх выбарах лічаць асноўнымі прыярытэтамі "абарону нацыянальных інтарэсаў краіны для аднаўлення і забеспячэння палітычнай, ваеннай, эканамічнай, энергетычнай і інфармацыйнай незалежнасці Беларусі, аднаўлення дэмакратычнай сістэмы кіравання і пераходу да новай эканамічнай мадэлі для забеспячэння свабоды і дабрабыту беларускага народа".

У платформе падкрэсліваецца, што менавіта на дэпутатах дзеючага парламента, "які паслухмяна ўхваляе самыя адыёзныя прапановы выканаўчай улады, ляжыць адказнасць за эканамічны крызіс, пагаршэнне жыццёвага ўзроўню, зніжэнне заробкаў, масавыя звальненні працоўных і ліквідацыю сацыяльных гарантый".

Партыя БНФ лічыць, што краіне патрэбны "сапраўдны парламент, дзе беларускі народ будуць прадстаўляць нацыянальна-дэмакратычныя сілы, здольныя даць адпор любым эканамічным і палітычным авантурам, спыніць свавольства і здзекі з людзей, прыцягнуць да адказнасці карупцыянераў-чыноўнікаў і не дапусціць здрады нашых нацыянальных інтарэсаў".

У платформе падкрэсліваецца, што Партыя БНФ мае "праграму рэформ, якія дазволяць рэалізаваць прынцып "не народ для ўрада, а ўрад для народа", каб беларусы жылі годна і заможна і былі гаспадарамі на сваёй зямлі".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі