"Петля Пристрастия" выпусіцла кліп на песню "Груз" з будучага альбома
Мінскі пост-панк-гурт "Петля Пристрастия" прадставіў відэа на песню "Груз" — першы сінгл з будучага альбома музыкаў. Ён мусіць выйсці ў сярэдзіне красавіка.
У расповедзе пра трэк і кліп "Груз" фронтмэн "Пятлі" Ілля Чарапко-Самахвалаў разважае, чаму людзі п'юць. Маўляў, "пасля выпіўкі ўсё напаўняецца сэнсам, усё дасягае вышэйшага напалу, людзі п'юць ад бездапаможнасці або ў знак пратэсту". Па словах гітарыста каманды Івана Селішчава, сінгл не адлюстроўвае змест новай кружэлкі. І ўвогуле, у новым альбоме з'явяцца не зусім ўласцівыя гурту мажорныя трэкі:
"На дзіва, атрымалася так, што ў гэтым альбоме ёсць нават мажорныя песні з, як кажуць, святлом напрыканцы тунеля. То бок, безвыходнасць, змрок і тлен ёсць, але ў значна меншых прапорцыях, чым гэта было раней".
Новы альбом гурта быў запісаны за два дні, цяпер ён зводзіцца. Саўнд яго будзе іншым, чым у папярэднікаў.
"Якім ён будзе, можна зрабіць выснову па сінгле "Груз". У папярэдніх альбомах адчувалася незавершанасць, недаробленасць. Таму хочацца, каб гэты быў максімальна адпрацаваным, у ім заставаўся момант жывасці і гаражнасці ў гуку", — кажа Селішчаў.
Канцэртная прэзентацыя кружэлкі ў Мінску адбудзецца бліжэй да канца вясны.