"Петля Пристрастия" прадставіла свежы сінгл "Минотавр"
У пятніцу 13-га гурт "Петля Пристрастия" выпусціў новы сінгл "Минотавр". Тэматычна песня цалкам у духу "Пятлі", бо "Ілля не здраджвае сабе". У плане гуку, кажа гітарыст каманды Іван Селішчаў, слухач пачуе нечаканыя эксперыменты.
"У параўнанні з папярэднімі працамі, сінгл гучыць па-іншаму, — распавядае Іван Селішчаў. — Гэта сапраўды дастаткова нетыповая ў плане гуку для гурта "Петля Пристрастия" песня. Мы проста спрабуем рабіць, як нам падаецца, гукавыя эксперыменты. У любым выпадку, хацелася б рухацца ў іншым ключы, больш шумавым".
Па словах Івана, не факт, што новы альбом "Пятлі", над якім цяпер працуюць музыкі, будзе падобны да песні "Минотавр":
"Цяпер так хутка інфармацыя прыходзіць і сыходзіць, і так хутка ўсё адбываецца вакол, што калі ты не знаходзішся ў такім жа тэмпе, ты некалькі адстаеш. А мы музыкі, і нам хочацца ісці ў нагу з часам".
Упершыню сінгл прагучыць на публіцы на сольніку "Петли Пристрастия" 21 кастрычніка ў мінскім клубе Re:Public.